Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох фігурантаў «справы Tut.by» перавялі зь СІЗА КДБ на «Валадарку»


СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску
СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску

Галоўнага бухгальтара Tut.by Анжэлу Асад, мэнэджара Андрэя Аўдзеева і дырэктара стартапу RocketData Дар’ю Данілаву, затрыманых у «справе Tut.by», перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага, паведамляе Tut.by.

Больш за 10 чалавек, якія праходзяць па «справе Tut.by», да гэтага моманту знаходзяцца пад вартай.

18 траўня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правёў ператрусы ў рэдакцыі Тut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў парталу. Было заяўлена, што ў дачыненьні да службовых асоб Тut.by распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Затрымалі 15 чалавек.

Практычна адначасова на падставе звароту Генэральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту Тut.by і яго «люстэркаў».

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачалося закрытае пасяджэньне аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыялаў Tut.by і сацсетак парталу. Аднак разгляд справы вырашылі прыпыніць.

Згодна з заключэньнем камісіі, гаворыцца ў заяве МУС, «дзеяньні інфармацыйнага рэсурсу Тut.by у інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньні магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сфэрах і, такім чынам, нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Камісія таксама палічыла, што ў разьмешчаных на Тut.by матэрыялах зьмяшчаюцца «лінгвістычныя прыкметы высьмейваньня і абразы, нэгатыўная ацэнка дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асобаў, што вылучаюцца па прафэсійнай прыкмеце».

МУС просіць Мінінфарм уключыць матэрыялы парталу ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і зрабіць захады для абмежаваньня доступу да яго інфармацыйнай прадукцыі, люстраных вэрсіяў сайту і аналягаў зь іншымі URL-адрасамі.

Tut. by абскардзіў дзеяньні камісіі па вынясеньні экспэртнага заключэньня аб прызнаньні прадукцыі парталу і сацсетак выданьня экстрэмісцкімі. Пасяджэньне па скарзе пройдзе 6 ліпеня ў эканамічным судзе Менска.

Якія навіны ад Юліі Чарняўскай?

Адна з фігурантак справы, удава заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская перадала з-пад хатняга арышту дачцэ Яўгеніі, як перажывае вымушаную ізаляцыю.

«Доня, дарагая, мне нават складана сказаць „сумую“, бо жыву ў нейкім сьвеце, дзе вы жахліва далёка, на іншых плянэтах — як ты, так і мая мама, якая жыве за два кварталы. Ізаляцыя — гэта дзіўны досьвед. Часам здаецца, што я цяпер праходжу досьвед глыбокай старасьці, бо самота прыкладна такая. Мне ня верыцца, што недзе ёсьць вуліцы, людзі, а тым больш мора. Але я стараюся жыць, каб некалі апынуцца ў сьвеце, дзе ўсе вы ёсьць».

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG