Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгора Кастусёва зь СІЗА КДБ перавялі ў турэмны шпіталь: праблемы з сэрцам


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з ацёкамі і праблемамі сэрца зь СІЗА КДБ у турэмны шпіталь пры СІЗА № 1 на Валадарскага.

Пра гэта даведалася ягоная дачка, калі ў яе не прынялі перадачу ў Сьледчым ізалятары Камітэту дзяржбясьпекі.

Як паведаміла Свабодзе дачка Кастусёва Кацярына, бацьку перавялі ў шпіталь у пятніцу. Ні родным, ні адвакату пра гэта не паведамілі. Перадачы не ўзялі, бо нібыта не прыёмны дзень. Раней Кастусёў у лістах пісаў, што абвастрыліся хранічныя хваробы, у тым ліку хвароба сэрца.

«18 чэрвеня бацьку ў СІЗА КДБ наведала адвакатка. У гэты ж дзень яна падала хадайніцтва аб неадкладным наданьні яму мэдычнай дапамогі ў сувязі зь ягонымі скаргамі на стан здароўя», — сказала Свабодзе дачка Рыгора Кастусёва.

Палітык паведаміў, што незадоўга да сустрэчы (меркавана 14 чэрвеня) накіраваў адвакату ліст з просьбай аб дапамозе. Ліста адвакатка дасюль не атрымала. Яна рэгулярна пыталася пра здароўе Рыгора Кастусёва; яе запэўнівалі, што лячэньне яму прызначылі неадкладна (на працягу гадзіны) пасьля падачы хадайніцтва і што стан яго паляпшаецца. Аднак 1 ліпеня Кастусёва шпіталізавалі ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя ў Рэспубліканскую бальніцу СІЗА-1.

Пра шпіталізацыю не апавясьцілі ні абаронцу, ні сям’ю.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка як аднаго з абвінавачаных у справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Акрамя яго, у справе фігуруюць палітоляг Аляксандар Фядута, юрыст Юры Зянковіч і яшчэ шасьцёра асобаў.

13 красавіка на лецішчы старэйшай дачкі палітыка Галіны і ейнага мужа Дзьмітрыя Антончыка апэратыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. Галіна і Дзьмітрый пасьля гэтага зьехалі зь Беларусі.

Вядома, што сьледзтва ў «справе аб дзяржперавароце» падоўжылі сама меней да канца кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG