Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы рэкорд: у Літве за дзень затрымалі 160 мігрантаў зь Беларусі. Лік затрыманых з пачатку году перавысіў 1000


Памежны слуп Літоўскай Рэспублікі.
Памежны слуп Літоўскай Рэспублікі.

Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў зь Беларусі ў Літве дасягнула 1098 чалавек. Летась за ўвесь год затрымалі 81.

Памежная служба Літвы за суткі затрымала 160 мігрантаў зь Беларусі, якія незаконна перасякалі мяжу. Большасьць зь іх затрымалі на тэрыторыі Друскеніцкага самакіраваньня. Выпадкаў супраціву памежнікі не зафіксавалі.

«Многія мігранты, затрыманыя друскеніцкімі памежнікамі, распавядаюць падобныя гісторыі. Яны нібыта вучыліся ў вышэйшых навучальных установах Горадні, а мясцовая ўлада ўвяла новую плату для такіх студэнтаў. Іх таксама нібыта выселілі са студэнцкіх інтэрнатаў і вымусілі пакінуць Беларусь. Такія мігранты кажуць, што з-за блізкасьці Горадні да Літвы яны выбралі гэтую краіну, а не, напрыклад, Польшчу», – гаворыцца на сайце памежнай службы Літвы.

Паводле інфармацыі літоўскага ведамства, агулам у 2021 годзе 1098 мігрантаў зь Беларусі спрабавалі ўехаць у Літву. Гэты лік амаль у дванаццаць з паловай разоў большы, чым было ў мінулым годзе. У 2020 годзе на літоўскай мяжы быў затрыманы 81 чалавек, у 2019 годзе – 46, у 2018 годзе – 104, у 2017 годзе – 72.

У Літве за 2 ліпеня содні затрымалі 116 мігрантаў, якія перайшлі беларуска-літоўскую мяжу па-за пунктамі пропуску, 1 ліпеня затрымалі 150 чалавек.

Памежная служба адзначыла, што мігранты пачалі ісьці і цераз участкі мяжы, абсталяваныя сучаснай сыстэмай кантролю. Раней яны ўнікалі такіх тэрыторый.

Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і ў спрыяньні перапраўцы замежнікаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што рост колькасьці мігрантаў – гэта сьвядомая палітыка беларускіх уладаў супраць Літвы. Яна назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.

Беларускія ўлады мэтанакіравана перакідаюць мігрантаў да мяжы, завабліваючы іх у краіну пакетнымі прапановамі дзяржаўнага турыстычнага агенцтва (напрыклад, рэйс з Багдаду або Стамбулу і даезд да літоўскай мяжы). Такую вэрсію ў інтэрвію Financial Times раней выказаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Кіраўніца Эўракамісіі назвала плынь мігрантаў зь Беларусі палітычна матываванай і заявіла, што Эўразьвяз узмоцніць падтрымку Літвы.

2 ліпеня пра ўзмацненьне аховы мяжы зь Беларусьсю паведаміла і Латвія. З эўрапейскага агенцтва Frontex ў Латвію ўжо прыехалі некалькі афіцэраў з тэхнічнымі сродкамі і аўтамабілем для патруляваньня мяжы, паведаміў прадстаўнік памежнай службы тэлеканалу LTV7.

«Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць», — такой была рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на авіяцыйную блякаду і наступныя санкцыі, якімі сьвет адказаў на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG