Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што дзяржабвінаваўцы папрасілі судзьдзю прызнаць фігурантаў вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года і прызначыць усім пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі з адбываньнем ва ўмовах узмоцненага рэжыму на наступныя тэрміны:
- Аляксандру Лапуху — 5 гадоў і 6 месяцаў;
- Сяргею Цібцу, Валянціну Колбу (мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней Валянцін перанёс інфаркт, пасьля затрыманьня ў яго здарыўся сардэчны прыступ. — РС), Андрэю Хвескаўцу (пракурор запрасіў таксама пазбавіць яго спэцыяльнага званьня — «малодшы сяржант унутранай службы») — 5 гадоў кожнаму;
- Леаніду Германовічу, Андрэю Мацуку, Аляксандру Шандыбе — 4 гады і 6 месяцаў;
- Сяргею Волкаву, Аляксандру і Сяргею Шаламіцкім — 4 гады;
Ніхто з абвінавачаных не прызнаў пазоўныя патрабаваньні пацярпелых і грамадзянскіх пазоваў, акрамя Аляксандра Лапуха, які ўжо кампэнсаваў пашкоджаньне лаўкі.
У чым вінавацяць фігурантаў:
- ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
- закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
- закліках «біць сілавікоў»,
- пашкоджаньні маёмасьці,
- кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
- ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
- Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».
Суды над новымі новымі фігурантамі «пінскай справы» (адзін з абвінавачаных у суд не зьявіўся. — РС) праходзяць з 31 траўня ў Берасьці.
30 красавіка першай групе фігурантаў ужо прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. 14 палітвязьняў таксама мусяць выплаціць каля 201 тысячы рублёў кампэнсацыі пацярпелым сілавікам і чыноўнікам.
Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня
Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.
Цягам дзьвюх з паловай гадзінаў пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.
Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.