Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне на фэдэральным узроўні


Пратэст амэрыканскіх актывістаў супраць сьмяротнага пакараньня

Генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд увёў мараторый на сьмяротныя пакараньні на фэдэральным узроўні, паведаміла яго ведамства.

«Міністэрства юстыцыі павінна забясьпечыць, каб усім, хто падпадае пад фэдэральную сыстэму крымінальнага правасудзьдзя, ня толькі даваліся правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і законамі Злучаных Штатаў, але і каб зь імі абыходзіліся справядліва і гуманна», — гаворыцца ў заяве Гарланда.

Ён дадаў: «Гэта абавязаньне мае асаблівую сілу ў выпадках, зьвязаных са сьмяротным пакараньнем».

На слуханьнях у Сэнаце пры зацьвярджэньні яго кандыдатуры на пасаду генэральнага пракурора Гарланд заявіў, што ў яго ёсьць асьцярогі, якія тычацца пакараньняў сьмерцю нявінных людзей.

Прэзыдэнт Джо Байдэн паабяцаў падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі падтрымаць заканадаўства, накіраванае на адмену сьмяротнага пакараньня.

Сьмяротнае пакараньне на фэдэральным узроўні было адменена ў ЗША ў 1972 годзе рашэньнем Вярхоўнага суду. Але ў 1988 годзе яно было часткова адноўленае, піша «Голас Амэрыкі». Пры гэтым большасьць сьмяротных пакараньняў у ЗША праходзіць не на фэдэральным узроўні, а на ўзроўні асобных штатаў — лідэрам тут зьяўляецца Тэхас, дзе ад 2010 году адбылося 125 сьмяротных пакараньняў.

СМІ зьвяртаюць увагу, што ў апошнія месяцы знаходжаньня ва ўладзе адміністрацыі папярэдняга прэзыдэнта Дональда Трампа ў краіне выканалі 13 сьмяротных прысудаў. Фэдэральныя пакараньні ў ЗША не праводзіліся цягам 17 гадоў, да ліпеня 2020 году, калі Трамп адмяніў устаноўлены мараторый.

ЗША — адзіная з заходніх краін, дзе да гэтага часу выковаюцца сьмяротныя прысуды. Сьмяротнае пакараньне практычна адменена ва ўсіх краінах Эўропы, акрамя Беларусі. Толькі за 2020 год на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі былі асуджаныя тры чалавекі.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG