Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам», — Эўразьвяз пра магчымае выкананьне сьмяротнай кары ў Беларусі


На сайце Эўрапейскай службы зьнешніх сувязяў, якая выконвае функцыі Міністэрства замежных спраў на ўзроўні Эўразьвязу, зьявілася заява ў справе магчымага выкананьня сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

«Эўрапейскі Зьвяз даведаўся, дзякуючы інфармацыі вартай даверу праваабарончай арганізацыі „Вясна“, што сваяку Віктара Паўлава, зьняволенага ў Беларусі і асуджанага на сьмяротнае пакараньне, нядаўна было адмоўлена ў інфармацыі аб яго месцазнаходжаньні. Адмова ў апэратыўнай інфармацыі сваякам раней сьведчыла пра таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам у Беларусі, адзінай эўрапейскай краіне, якая ўсё яшчэ выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне.

Сакрэтнасьць у крымінальна-выканаўчай сыстэме ў Беларусі павінна спыніцца, і Эўрапейскі Зьвяз нагадвае пра сваё неадменнае пярэчаньне ўжываньню найвышэйшай меры пры любых абставінах. Сьмяротнае пакараньне — жорсткае і бесчалавечнае пакараньне, якое ня дзейнічае як стрымліваючы фактар злачынства і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці», — сказана ў заяве.

30 ліпеня 2019 году судовая калегія ў крымінальных справах Віцебскага абласнога суду вынесла сьмяротны прысуд жыхару Віцебскага раёну Віктару Паўлаву.

50-гадовы жыхар Віцебшчыны Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым ва ўчыненьні жорсткіх забойстваў дзьвюх асобаў, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане (інваліды 2-й групы), і быў асуджаны на найвышэйшую меру пакараньня — расстрэл.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG