Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: у Віцебску пачаўся трамвайны рух


Франсіс Луіс Мора, «Загарадны трамвай» (1916)
Франсіс Луіс Мора, «Загарадны трамвай» (1916)

Падзеі 30 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

30 чэрвеня 1898 году ў Віцебску пачаўся трамвайны рух.

Таксама ў гэты дзень

1792 — завяршыўся Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай.

1810 — Нідэрлянды ўключаныя ў склад Францыі.

1894 — Карэя абвясьціла незалежнасьць ад Кітаю.

1905 Альбэрт Эйнштэйн апублікаваў артыкул, у якім выклаў тэорыю адноснасьці.

1908 — падзеньне Тунгускага мэтэарыту.

1934 — «Ноч доўгіх нажоў» у Трэцім Райху, зьнішчэньне кіраўнікоў штурмавых атрадаў (СА) нацысцкай партыі.

1956 — у газэтах у СССР апублікаваная пастанова ЦК КПСС «Аб пераадоленьні культу асобы і яго наступстваў».

1984 — адкрыўся рэгулярны рух на першай лініі Менскага мэтрапалітэну.

У гэты дзень нарадзіліся

1911Чэслаў Мілаш, польскі паэт, празаік, эсэіст, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1980 году.

Чэслаў Мілаш
Чэслаў Мілаш

У памяці

1959Павал Растаргуеў, філёляг, вязень ГУЛАГу.

У сваёй славутай «Геаграфіі Беларусі» Аркадзь Смоліч пісаў пра родны для Паўла Растаргуева Старадуб як пра адназначна беларускі горад. Прафэсар і правадзейны сябра Інбелкульту Растаргуеў і не падумаў бы спрачацца.

Якраз тады беларускія нацыянал-камуністы дамагліся ад Масквы двух узбуйненьняў рэспублікі. У 1924-м з РСФСР вярнулі адарваныя пасьля абвяшчэньня БССР Віцебшчыну і Магілёўшчыну. Вяртаньне было няпоўным: частку беларускіх паветаў Масква прысабечыла. Тое самае адбылося і з другім узбуйненьнем у сьнежні 1926-га: ад вернутай Гомельшчыны адрэзалі Старадуб, Навазыбкаў і Клінцы.

Менск вырашыў пазмагацца, і газэта «Зьвязда» надрукавала мапу, дзе гэтая тэрыторыя гістарычнай Севершчыны падавалася прынамсі як спрэчная.

Сваё слова павінны былі сказаць вучоныя, і яно прагучала. 1927 годам датаваная выдадзеная ў Ленінградзе манаграфія Растаргуева «Северско-белорусский говор». Аўтар зрабіў абгрунтаваную і падтрыманую акадэмікам Яўхімам Карскім выснову: жыхары паўночных раёнаў Браншчыны і Чарнігаўшчыны гавораць па-беларуску. Расейскае геаграфічнае таварыства адзначыла манаграфію залатым мэдалём.

Павал Растаргуеў на той час быў вядомы яшчэ і тым, што на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году ў справе рэформы беларускага правапісу прапаноўваў увесьці ў наш альфабэт дзьве новыя, запазычаныя ў сэрбаў літары для перадачы гукаў [дж] і [дз], а літару й перадаваць на пісьме як j.

На погляды вядомага філёляга, супрацоўніка Навукова-даследнага інстытуту мовазнаўства ў Маскве не маглі не зьвярнуць увагі і мовазнаўцы з ОГПУ.

У 1934-м Паўла Андрэевіча Растаргуева этапавалі на пяць гадоў у ГУЛАГ. Калі б вучонага арыштавалі на тры гады пазьней, ён бы ўжо, найверагодней, не вярнуўся з Карлягу да ўлюбёнай справы. Аднак яму пашчасьціла выйсьці на волю (бяз права жыць у Маскве і сталіцах рэспублік).

У Беларусі прафэсара Растаргуева не забылі. Пасьля Другой усясьветнай вайны яму пасылае асабістае запрашэньне на працу ў Інстытуце мовазнаўства сам віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Якуб Колас.

Унучка Растаргуева хімік-навуковец Зоя Іванюціна ўспамінае іхні вялікі, перапоўнены кнігамі дом у Навазыбкаве, дзе на схіле жыцьця пасяліўся дзед. Дзяўчынка дзівілася, як на поўным сур’ёзе можна запісваць ад вясковых бабулек забытыя слоўцы і байкі пра нейкія «сурокі». (Галоўная праца вучонага, «Словарь народных говоров Западной Брянщины», выйшла толькі праз 14 гадоў пасьля яго сьмерці.)

Цяпер унучка прафэсара, што не хацеў аддаць родныя мясьціны Расеі, жыве ў Менску і, паказваючы выданьні зь дзедавай бібліятэкі, урачыста прамаўляе: «Кнігі прафэсара Растаргуева!» І — піша цікавыя апавяданьні.

Магутная рэч — гены!

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 258–259

1969Міхайла Грамыка, беларускі пісьменьнік і навуковец.

1993Міхась Мельнікаў, беларускі краязнаўца.

2010Уладзімер Ісаенка, беларускі археоляг. Ісаенка стаў адкрывальнікам археалёгіі беларускага Палесься, асноўным дасьледчыкам каменнага веку.

2012Іцхак Шамір, прэм’ер-міністар Ізраілю. Нарадзіўся ў мястэчку Ружаны на Берасьцейшчыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG