Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская чыгунка ацаніла свае страты ад сэктаральных санкцыяў супраць беларускіх уладаў на 24 млн эўра штогод


На 24 млн эўра ацаніла Літоўская чыгунка (LTG) свае штогадовыя страты ад сэктаральных эканамічных санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

З гэтай сумы 10 млн эўра будзе страчваць LTG Infra, якая займаецца інфраструктурай, 14 млн — LTG Cargo, якая перавозіць грузы.

У адносным выражэньні страты папярэдне ацэньваюцца на 20% даходаў ад беларускага транзыту — у выпадку поўнага спыненьня транспартаваньня ўгнаеньняў і 500 тыс. тонаў нафтапрадуктаў. Пры гэтым страты ў такім аб’ёме будуць адчувацца не адразу, бо санкцыі закранаюць толькі новыя кантракты, адзначаецца ў паведамленьні LTG. Разам з тым частка беларускіх транзытных перавозак ужо страчаная з прычыны іх пераарыентацыі Менскам на расейскія порты.

Генэральны дырэктар LTG Мантас Бартушка падкрэсьліў, што перавозкі беларускіх грузаў заўсёды разглядаліся як высокарызыкоўныя, таму прадпрыемства займаецца дывэрсыфікацыяй свайго бізнэсу. LTG Cargo заснавала даччыныя кампаніі ў Польшчы і Ўкраіне. «Спадзяемся на прарыў і рэгулярныя эўрапейскія чыгуначныя перавозкі да камбінаванага грузавога тэрміналу ў Коўне», — заявіў Бартушка.

Паводле яго, менавіта чыгунка больш за ўсё страціць ад санкцыяў. «Канкурэнтаздольнасьць літоўскай сеткі чыгунак вельмі важная з пункту гледжаньня будучых пэрспэктываў, — падкрэсьліў генэральны дырэктар LTG. — Мы павінны працягваць рамонт дарог, мастоў і тунэляў, абнаўленьне сыстэмы кіраваньня рухам, электрыфікацыю ўчастку Вільня-Клайпеда, і вядома, будаўніцтва Rail Baltica (Бэрлін-Варшава-Вільня-Рыга-Талін-Хэльсынкі)».

LTG нагадвае аб дырэктыве ЭЗ, згодна зь якой дзяржава ўмешваецца ў фінансавую дзейнасьць прадпрыемства, калi яно атрымлівае звышпрыбытак альбо цярпіць страту. Пакрыцьцё стратаў неабходнае, інакш яны лягуць цяжарам на ўсіх перавозьнікаў і вымусяць адмовіцца ад стратэгічных праектаў. Павышэньне тарыфаў зробіць чыгункі неканкурэнтаздольнымі і прывядзе да далейшага скарачэньня грузаперавозак, падкрэсьлівае LTG.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG