Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна ўтварэньня Таварыства беларускай мовы


Падзеі 27 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

27 чэрвеня 1989 году устаноўчы зьезд Таварыства беларускай мовы прыняў зварот да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова. Старшынём ТБМ быў абраны Ніл Гілевіч.

Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч

«Каб ня ўмёрлі, су...і!» Рэпартаж зь сядзібы ТБМ

Таксама ў гэты дзень

1707 — маскоўскае войска падчас Паўночнай вайны захапіла Быхаў, наймацнейшую фартэцыю ВКЛ.

1941 — у Віцебску НКВД распачаў масавыя расстрэлы палітычных вязьняў.

1944 — у Менску пачаўся Другі Ўсебеларускі кангрэс, скліканы Беларускай цэнтральнай радай.

У гэты дзень нарадзіліся

1784 — Лявон Бароўскі, літаратуразнаўца, пэдагог і публіцыст, адзін з прафэсараў Віленскага ўнівэрсытэту 1820-х.

1909 — Сяргей Знаёмы, беларускі пісьменнік.

1925 — Лідзія Арабей, беларускі празаік, крытык, літаратуразнаўца.

У памяці

1863 — Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў

...Ён камандаваў збройнымі сіламі на Ковеншчыне. Пад свае сьцягі Зыгмунт хутка сабраў пяць тысяч ваяроў, у тым ліку шмат простых вяскоўцаў. Апрача касінераў пад рукой Серакоўскага быў аддзел зь пяцісот цапавікоў — сялянаў, узброеных цапамі.

Каля мястэчка Біржы інсургенты пацярпелі цяжкую паразу. Паранены ў грудзі навылёт, Серакоўскі трапіў у палон.

Віленская моладзь склала плян нападу на турэмны шпіталь і вызваленьня героя. Калі Зыгмунту перадалі ліст пра гэта, ён адразу ж не пагадзіўся, бо ведаў: генэрал-губэрнатар Мураўёў-Вешальнік, каб адпомсьціць, учыніць у Вільні крывавую расправу, якая забярэ дзясяткі жыцьцяў.

На допытах Зыгмунт, не зважаючы на пакуты ад ранаў і тры апэрацыі, адмовіўся даваць паказаньні на паплечнікаў. Мураўёў загадаў правесьці ваенна-палявы суд проста вакол ложка нямоглага целам, але магутнага духам паўстанцкага камандзіра. Судзьдзі пастанавілі: «асабліва небясьпечнага мяцежніка» — расстраляць!

Мураўёў паводле сваёй зьвярынай завядзёнкі замяніў расстрэл на павешаньне.

У адным з апошніх лістоў на волю Серакоўскі пісаў: «І стоячы пад шыбеніцай, буду пратэставаць супроць барбарскага бяспраўя, што прынесла маскоўская ўлада маёй дарагой Айчыне».

На віленскім Лукіскім пляцы, дзе пазьней расейская пятля абарвала жыцьцё і Каліноўскага, нашыя героі ўшанаваныя мэмарыяльнымі плітой і крыжам. Калі б ні прыйшоў туды, заўсёды ўбачыш кветкі і белчырвона-белыя сьцяжкі ды стужкі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.66–67.

1933 — Міхась Явар, беларускі паэт.

1947 — Валянцін Таўлай, беларускі паэт і літаратуразнаўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG