Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыну судзяць за тое, што ў асабістым акаўнце ў Твітэры перарабіла адзін куплет гімну


25 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёну Менску пачаў разглядаць справу 26-гадовай Ганны Важнік, якую абвінавацілі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу — «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»

Справу разглядае судзьдзя Алена Жывіца.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Ганну абвінавачваюць у тым, што ў асабістым акаўнце ў Твітэры яна перарабіла адзін куплет гімну, пачаўшы з фразы «Мы экстремисты — мирные люди...». Згодна з абвінавачаньнем, яна ўчыніла зьдзек зь дзяржаўнага сымбалю — гімну.

Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусьцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў.

Ганна заявіла на судзе, што лічыць учыненае памылкай, яна ня мела намеру зьдзекавацца з гімну, а пераробкай хацела скрытыкаваць людзей, якія чынілі разбуральныя дзеяньні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсьліла, што яна апалітычная — як і ўся яе сям’я.

Сьведкі — маці дзяўчыны і намесьніца дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы школы, дзе выкладае Ганна, — падкрэсьлілі апалітычнасьць Ганны. На допыце ў СК намесьніца дырэктара сказала, што лічыць пераробку гімну зьневажальнай для народу Рэспублікі Беларусь: на пасяджэньні суду пасьля некалькіх пытаньняў судзьдзі яна пацьвердзіла гэтыя словы.

Дзяржабвінаваўца палічыў доказамі віны прызнаньне, інфармацыю з тэлефона і сацсетак, а таксама камэнтары да твіту. Ён папрасіў пакараць абвінавачаную абмежаваньнем волі тэрмінам на адзін год без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміяй», а таксама канфіскаваць тэлефон.

Адвакат упэўнены, што ў справе няма складу злачынства: не даказаны намер, няма перадумоў. Ягоная падабаронная ня ўдзельнічала ў мерапрыемствах, не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці, няма доказаў яе ўдзелу ў дэструктыўных каналах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG