Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы за слова «тварь» на адрас міліцыі судзяць хворую на рак пэнсіянэрку


Людміла Хлусевіч у Рэчыцкім судзе. 25 чэрвеня 2021 году.

Рэчыцкі раённы суд 25 чэрвеня разглядаў крымінальную справу 65-гадовай пэнсіянэркі Людмілы Хлусевіч, хворай на анкалёгію. У сьнежні 2020 году яна пакінула камэнтар — слова «тварь» — на старонцы ў «Аднаклясьніках» пад здымкам, на якім міліцыянт б'е хлопца.

Людмілу Хлусевіч судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядала судзьдзя Марына Кацуба. Пацярпелы міліцыянт зь Вілейкі, Міхаіл Жарыкаў, на суд не зьявіўся, паведаміў Свабодзе з суду валянтэр Ільля Міронаў.

«Яшчэ невядома, хто пацярпелы — я ці ён. Я 10 кіляграмаў за апошні час страціла, здароўе пагоршылася. Хай бы мне ў вочы паглядзеў», — сказала ў судзе пэнсіянэрка.

Паводле абвінавачаньня, Людміла Хлусевіч у сваім камэнтары дала нэгатыўную ацэнку прадстаўніку ўлады, прынізіла ягоны аўтарытэт і годнасьць.

Людміла Хлусевіч у Рэчыцкім судзе. 25 чэрвеня 2021 году.
Людміла Хлусевіч у Рэчыцкім судзе. 25 чэрвеня 2021 году.

«Я не хацела абразіць яго асабіста. У мяне была такая агульная думка, пра ўсіх міліцыянтаў. Я пісала камэнтар, але гэта не яго тычылася, ён проста там папаўся. Ён такі вельмі вялікі, у яго вялікі твар, у мяне было такое пытаньне — чаго яны такія ўсе тлустыя? У мяне была такая эмоцыя. Я ж не напісала там ягонае прозьвішча. Я ўвесь час сяджу дома, на таблетках, я сёньня жыву, заўтра можа не, а яны ў мяне (міліцыянты. — РС) аднялі палову жыцьця», — казала на судзе жыхарка Рэчыцы.

Яна дадала, што слова «тварь» — літаратурнае, яно ўжываецца і ў Бібліі, і ў Дастаеўскага, а на беларускай мове азначае «лицо».

«У мяне былі эмоцыі — хто адкажа за нашых забітых людзей, за пабітых, параненых? Я ж ня проста так пакінула камэнтар, бо той міліцыянт таксама нешта благое рабіў, ці біў людзей, ці здымаў іх на камэру... Я ўсе падзеі пасьля выбараў прапускала праз сваё сэрца, начамі ня спала, плакала. Чаму ніводзін міліцыянт не пакараны за гвалт? А вось які ён крыўдлівы... Нас можна біць, а яны судзяцца за адно слова!» — казала Людміла Хлусевіч.


Яна лічыць, што шматгадзінныя допыты яе, выклікі ў міліцыю ці вываз у міліцыю на вачах у суседзяў — катаваньні.

«У мяне нэрвы, і лекары пацьвердзілі, што ў мяне нэрвовае зьнясіленьне. У мяне ціск пачаў падымацца да 220, такога раней не было. Я пражыла нялёгкае жыцьцё, і тут яшчэ гэты суд! Калі я напісала ліст, што ў маёй сьмерці будзе вінаватая дзяржава — то што тут ня так? Мне ў ладкі пляскаць дзяржаве, што за сорак гадоў стажу маю 360 рублёў пэнсіі?», — казала на судзе жыхарка Рэчыцы.

Па выніках першага дня паседжаньня судзьдзя прызначыла псыхіятрычную экспэртызу і абвясьціла перапынак у працэсе.

65-гадовая жыхарка Рэчыцы Людміла Хлусевіч у адной з сацыяльных сетак выказалася пад фатаздымкам, на якім міліцыянт б'е хлопца.

Празь некаторы час да жанчыны прыйшлі сьледчыя і завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы Хлусевіч у абразе прадстаўніка ўлады (369 арт. КК). Пасьля гэтага адзін за адным пайшлі допыты. Ня вытрымаўшы ціску, у роспачы жанчына напісала перадсьмяротную запіску, якая трапіла ў інтэрнэт.

Паводле адваката, ёй пагражае ці вялікі штраф, ці «хатняя хімія».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG