Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рак скуры — адна з найбольш распаўсюджаных анкалягічных хваробаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмяркоўваем з кандыдатам мэдычных навук, анколягам Надзеяй Пятроўскай актуальную для сьпякотнага лета тэму — рак скуры.

Чаму ў Беларусі гэта адна з найбольш распаўсюджаных анкалягічных хваробаў, хто ў групе рызыкі, калі неадкладна трэба ісьці да спэцыяліста, і чаму ня толькі на адпачынку ля мора патрэбныя сур’ёзныя захады бясьпекі.

Сьцісла

  • Асноўны ўнёсак у статыстыку раку скуры ўносіць базаліёма, а ў статыстыку сьмяротнасьці — мэлянома.
  • Сонца — крыніца вітаміну D, моцны антыдэпрэсант, асноўны фактар, які падвышае ўзровень імуннай абароны арганізму. Але празьмернае сонца — зло.
  • Сонечная актыўнасьць прынцыпова не адрозьніваецца ў якой-небудзь паўднёвай краіне і ў Беларусі. Цяпер сонца актыўнае практычна паўсюль. Бясьпечнай дозы сонечнай радыяцыі не існуе, і яна мае тэндэнцыю назапашвацца.
  • У Беларусі няма дастатковай інфармаванасьці людзей пра шкоду і небясьпеку сонечнага апраменьваньня і нэгатыўнага ўзьдзеяньня ўльтрафіялету на скуру. Як вынік, мы маем вялікі ўзровень захворвальнасьці і на мэляному ў тым ліку.


Як аналізаваць статыстыку па раку скуры

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

— У Беларусі цяпер вельмі горача, гэта небясьпечна ў тым ліку і таму, што моцнае сонечнае сьвятло можа спрыяць узьнікненьню раку скуры. Чаму рак скуры стаў адной з найбольш распаўсюджаных анкалягічных хваробаў у Беларусі? Якія ракі скуры найбольш небясьпечныя, а якія добра выяўляюцца і лечацца?

— Злаякасныя новаўтварэньні скуры — гэта вельмі неаднастайная група захворваньняў. У яе ўваходзяць базальна-клеткавы і плоскаклеткавы ракі скуры, мэлянома, лімфома скуры, саркома Капошы і многія іншыя. Гэта зусім розныя хваробы, абʼяднаныя агульным паняцьцем «рак». Мы абмяжуемся тымі, што зьвязаныя з павышаным сонечным апраменьваньнем. Да такіх адносяцца базаліёма (або базальна-клеткавы рак скуры) і пігмэнтная пухліна — мэлянома.

Асноўны ўнёсак у статыстыку захворваньня на рак скуры ўносіць якраз базаліёма, а ў статыстыку сьмяротнасьці — мэлянома. Калі базаліёма паражае пераважна людзей пажылога і старэчага ўзросту, ніколі ня мае мэтастазаў і пасьпяхова лечыцца, то пігмэнтная мэлянома часьцей сустракаецца ў людзей працаздольнага ўзросту, хутка пашыраецца і ў прасунутай стадыі мае неспрыяльны прагноз. Агульнае паміж дзьвюма гэтымі рознымі пухлінамі тое, што верагоднасьць іх узьнікненьня наўпрост зьвязаная з залішнім сонечным узьдзеяньнем.

— Чаму ў статыстыцы рак скуры ў Беларусі займае адно зь першых месцаў?

— Я мяркую, што гэта абумоўлена тым, што ў беларускую статыстыку ўключаецца базальна-клеткавы рак скуры, які ня мае мэтастазаў, а гэта значыць — ня мае ўсіх неабходных характарыстык злаякаснай пухліны. Гэта пухліна мясцовага пашырэньня, яна расьце як злаякасная, але не дае аддаленых мэтастазаў. У некаторых краінах базальна-клеткавы рак скуры не ўваходзіць у статыстыку раку скуры, таму, магчыма, у нас ёсьць рознагалосьсі ў статыстыцы зь іншымі краінамі.

Хто ў Беларусі ў групе рызыкі

— Хто трапляе ў групы рызыкі? Ці гэта практычна ўсе беларусы, якія пераважна маюць сьветлую скуру?

— Небясьпека ўзьнікненьня гэтага захворваньня ўзрастае, калі ў чалавека ёсьць хаця б адзін з наступных фактараў:

  • Сьветлы фататып скуры (белая скура, сьветлыя або рудыя валасы, блакітныя, шэрыя або зялёныя вочы).
  • Спадчынная схільнасьць (шматлікія пігмэнтныя нэвусы, наяўнасьць мэляномы ў сваякоў).
  • Глыбокія неаднаразовыя апёкі, асабліва ва ўзросьце да 15 гадоў (паводле статыстыкі САЗ, апёк ад працяглага знаходжаньня пад сонцам павышае рызыку разьвіцьця мэляномы больш як удвая).
  • Празьмернае захапленьне салярыем.
  • Пашкоджаньне радзімкі (зразаньне, выпальваньне; працэс можа быць хранічны і незаўважаны — напрыклад, добра накрухмалены каўнер кашулі траўмуе радзімкі шыі, бюстгальтар — тулава).
  • Гарманальны фон (палавое высьпяваньне, цяжарнасьць і клімактэрычная перабудова).

Адзін з асноўных фактараў рызыкі разьвіцьця мэляномы — залішняе ўзьдзеяньне ўльтрафіялетавага выпраменьваньня.

Сонца як моцны антыдэпрэсант

— Мы бачым бледныя твары беларускіх палітвязьняў у судах, многія больш як год ня маюць магчымасьці бываць на сонцы. Сонечнае сьвятло — гэта і неабходнасьць. Галоўнае — знайсьці балянс і мець сонца, якое ня маюць нашы палітвязьні, і прадухіліць небясьпеку?

— Ёсьць залатая сярэдзіна. Сонца — крыніца вітаміну D, моцны антыдэпрэсант, асноўны фактар, які падвышае ўзровень імуннай абароны арганізму. Але празьмернае сонца — зло. Гэта тое, што прыводзіць да праблемаў у будучыні, бо ёсьць эфэкт назапашваньня. Асабліва пасьля доўгага затворніцтва, адсутнасьці сонечнага сьвятла верагоднасьць сонечнага апёку вельмі вялікая, і тут трэба выкарыстоўваць ахоўныя крэмы або зьяўляцца на сонцы абмежаваную колькасьць часу.

«Цяпер сонца актыўнае практычна паўсюль»

— Сёлета многія беларусы з розных прычын ня будуць адпачываць на моры. Вядома, што ў паўднёвых краінах беларусы асьцерагаюцца — ахоўныя крэмы, парасоны, капелюшы, дзённы сон. А вось на лецішчы ці на рэчцы ў Беларусі нібыта не курорт, і ня кожны лічыць патрэбным асьцерагацца. А тэмпэратура цяпер можа быць практычна аднолькавая што на Менскім моры, што на Міжземным. Чаму важна асьцерагацца менавіта ў Беларусі — на лецішчы, на вуліцы, на рэчцы?

— Сонечная актыўнасьць прынцыпова не адрозьніваецца ў якой-небудзь паўднёвай краіне і ў Беларусі. Цяпер сонца актыўнае практычна паўсюль. Бясьпечнай дозы сонечнай радыяцыі не існуе, і яна мае тэндэнцыю назапашвацца. Можна спаслацца на досьвед прасунутых краінаў.

Як прыклад можна прывесьці Аўстралію, дзе адзначалася самая высокая захворвальнасьць на мэляному. Прычыны зразумелыя — насельніцтва са сьветлым тыпам скуры прыехала ў краіну, дзе вельмі актыўнае сонца практычна круглы год.

Была распрацавана дзяржаўная праграма асьветы і абсьледаваньня насельніцтва, у рамках якой да людзей даносілася інфармацыя пра небясьпеку захворваньня, фактары рызыкі (знаходжаньне на адкрытым сонцы) і захады прафіляктыкі (адмова ад загару, выкарыстаньне галаўных убораў, сьветлага адзеньня і ахоўных крэмаў). Няспынная кампанія ва ўсіх магчымых СМІ, разьлічаная на дзяцей і дарослых, і рэгулярныя прафіляктычныя агляды далі свой вынік. Аўстралійцам удалося справіцца з праблемай мэляномы.

Калі экстрапаляваць гэты прыклад на Беларусь, то ў нас няма дастатковай інфармаванасьці насельніцтва пра шкоду і небясьпеку сонечнага апраменьваньня і нэгатыўнага ўзьдзеяньня ўльтрафіялету на скуру. Як вынік, мы маем вялікі ўзровень захворвальнасьці і па мэляноме ў тым ліку.

— На вашае ўражаньне, ці праходзіць мода на загар у беларусаў?

— Пэўна, што ў беларусаў апошнім часам пераважае мода на здаровы лад жыцьця. Інфармаванасьць пра важнасьць здаровага харчаваньня і фізычнай актыўнасьці ў нашых людзей высокая, а вось пра нэгатыўнае ўзьдзеяньне сонечнай радыяцыі на скуру пакуль ведаюць недастаткова. Думаю, з гэтым зьвязана ўсё яшчэ актыўнае захапленьне салярыямі і загарам.

— Дзеля прафіляктыкі раку скуры як часта трэба хадзіць на кантроль да дэрматолягаў, анколягаў звычайнаму чалавеку?

— Зьменшыць рызыку разьвіцьця мэляномы дазваляе шэраг нескладаных правілаў:

  • Рэгулярна аглядаць скуру і своечасова зьвяртацца да лекара. Своечасовае выдаленьне нэвусаў, якія зазналі траўму і якія хутка растуць, — адзін зь відаў прафіляктыкі мэляномы.
  • Абавязкова абараняць скуру ад узьдзеяньня ўльтрафіялетавага выпраменьваньня (галаўныя ўборы, сонцаахоўныя акуляры, адзеньне, сонцаахоўныя крэмы).
  • Менш бываць на адкрытым паветры ў сонечнае надворʼе ад 10 да 15 гадзіны ў летні час.
  • Абмежаваць выкарыстаньне салярыяў (Да 18 гадоў наведваць салярыі забаронена).
  • Дзеці шмат часу праводзяць на сонцы і лёгка абгараюць, таму дзіцячая скура патрабуе асаблівай увагі. Падлеткам, паколькі яны больш незалежныя ад дарослых, трэба расказаць пра шкоду сонечнага сьвятла. Наносіць на скуру дзіцяці ахоўныя сродкі важна як мага больш старанна. Знаходзіцца на адкрытым сонцы ня варта дзецям, меншым за 6 месяцаў. Іх скуру трэба абараняць адзеньнем і галаўнымі ўборамі.

Калі трэба тэрмінова зьвяртацца да лекараў

— А калі трэба ісьці да анколяга неадкладна? Што павінна насьцярожыць?

— Скура — орган, які можна агледзець самастойна, можна выкарыстоўваць люстэркі. Існуюць прыкметы, якія павінны насьцярожыць:

  • калі рэзка зьмяняецца пігмэнтацыя — да чорнага колеру; або, наадварот, інтэнсіўнасьць афарбоўкі зьмяншаецца;
  • пігмэнтацыя робіцца нераўнамернай;
  • нэвус лушчыцца;
  • скурны малюнак нэвуса парушаны, або яго зусім няма;
  • вакол нэвуса зьяўляецца запаленьне (чырванаваты венчык);
  • нэвус павялічваецца ў памерах і робіцца шчыльнейшым;
  • зьяўляюцца трэшчыны, кроватачывасьць, нэвус пакрываецца болькамі.

Кожная з гэтых прыкметаў павінна прымусіць неадкладна зьвярнуцца да спэцыяліста. Цяпер ёсьць дадатковы, сучасны і даступны мэтад, які павышае якасьць дыягностыкі, — дэрматаскапія. Яе робяць у многіх прыватных мэдычных цэнтрах.

— Ваша галоўная парада беларусам у сьпякотнае лета?

— Здароўе чалавека — гэта заўсёды пытаньне сумеснай адказнасьці і камунікацыі лекара і пацыента. Рэкамэндацыі па прафіляктыцы раку скуры вельмі простыя і даказалі сваю эфэктыўнасьць на практыцы. Асноўная парада — сьвядома ставіцца да свайго здароўя і ззамаладу прывучаць сябе да выкананьня гэтых простых правілаў. Таксама вызначыць для сябе прыярытэт здароўя над модай, прыгажосьцю і прэстыжам.

  • Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, неўзабаве пачне працаваць анколягам у мясцовым шпіталі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG