Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла законы на выпадак гібелі Лукашэнкі


Улады ўсё часьцей згадваюць пра ваеннае становішча. Ілюстрацыйнае фота

Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў законы аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі. У першым чытаньні дакумэнт быў ухвалены 17 чэрвеня.

Законапраектам прапануецца падвысіць ролю Савету бясьпекі ў пытаньнях абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу, супрацьдзеяньня экстрэмізму і тэрарызму.

Акрамя таго, сярод мэтаў значыцца ўдасканаленьне прававога рэгуляваньня дзейнасьці дзяржаўных органаў і службовых асоб ва ўмовах надзвычайнага і ваеннага становішча, у тым ліку праз магчымую гібель ці гвалтоўную сьмерць Лукашэнкі.

Законапраектам прадугледжваецца імплемэнтацыя ў законы «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы» нормаў дэкрэту № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

Удакладняюцца задачы Ўзброеных сілаў, паўнамоцтвы і сацыяльна-прававыя гарантыі вайскоўцаў, якія бяруць удзел у забесьпячэньні рэжыму надзвычайнага становішча.

Законапраект прадугледжвае карэкціроўку абмежаваньняў, якія ўжываюцца ва ўмовах надзвычайнага становішча, пералік сілаў і сродкаў, якія дзеля гэтага прыцягваюцца.

9 траўня Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, акту тэрарызму, вонкавай агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савету бясьпекі, на пасяджэньнях якога старшынюе прэм’ер-міністар.

Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў для іх забесьпячэньня. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх, іх належыць безумоўна выконваць.

Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG