Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Цурпанаву дазволілі спатканьне з жонкай перад адпраўкай у калёнію


Валадар Цурпанаў у судзе
Валадар Цурпанаў у судзе

Валадара Цурпанава, якога двойчы каралі карцарам за беларускую мову, са сьледчага ізалятару адпраўляюць у калёнію.

Прысуд зьняволенаму праваабаронцу і аднаму зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадару Цурпанаву набыў моц і праз 10 дзён яго адправяць у калёнію адбываць пакараньне.

Пра гэта дазналася жонка актывіста, калі прынесла яму ў турму № 4 перадачу. Яна расказала, што ёй дазволілі пабачыцца з мужам.

Чаму Цурпанаў не абскардзіў вырак


Паводле Ірыны Цурпанавай, Валадар на спатканьні ад яе даведаўся, што ад 25 чэрвеня ён ужо лічыцца асуджаным. Гэтая навіна яго зьбянтэжыла, бо ён зьбіраўся абскарджваць вырак суду і чакаў копію судовай пастановы. Па ягоных словах, паперы яму прыносілі ў карцар, але іх ён ня стаў падпісваць, заявіўшы, што зробіць гэта, пакінуўшы штрафны ізалятар.

Ірына кажа, што цяпер муж будзе пісаць скаргу ў Магілёўскі абласны суд, бо лічыць, што ён пратэрмінаваў абскарджаньне прысуду не па сваёй волі. Раней Цурпанава ў Круглянскім судзе даведалася, што ейны муж адмовіўся падпісваць іхныя паперы. Пра тое паведамілі з турмы.

За што асудзілі Цурпанава

Валадара Цурпанава суд Круглянскага раёну за «парушэньне ўмоваў адбываньня пакараньня ва ўстанове адкрытага тыпу» адправіў на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Падставай для крымінальнага перасьледу асуджанага на тры гады «хіміі» за зьнявагу двух магілёўскіх судзьдзяў актывіста сталі дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньне ўнутранага распарадку.

Сябе вінаватым Цурпанаў не прызнаў і заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Інкрымінаваны яму 415 артыкул лічыць «рудымэнтам гулагаўскай сыстэмы пакараньня», які мае быць скасаваным. Зьняволеньне, на ягоную думку, зьяўляецца помстай за тое, што ён дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гораду і вобласьці, на якой агучыў патрабаваньні пратэстоўцаў.

Двойчы ў карцары за беларускую мову

У карцар Валадар Цурпанаў трапляў двойчы. Жонцы ён паведамляў, што прычынай для пакараньня яго штрафным ізалятарам была беларуская мова. Актывіст прасіў ахоўнікаў, каб зь ім гаварылі па-беларуску, а гэта ўспрымалася імі як парушэньне ўнутранага распарадку.

17 чэрвеня старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім накіравала лісты ва ўстановы МУС, у якіх заявіла пра ўціск зьняволеных сяброў арганізацыі ТБМ, якія гавораць па-беларуску. Яна прапанавала «правесьці тлумачальную працу ў сыстэме МУС аб недапушчальнасьці перасьледу зьняволеных за карыстаньне дзяржаўнай беларускай мовай» і нагадала, што зьяўляецца парушэньнем дзейнай Канстытуцыі.

Пасьля звароту Алены Анісім ад Цурпанава стала вядома, што зь ім сустракаўся прадстаўнік абласнога ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньня ды высьвятляў, ці сапраўды парушаюцца яго правы. На аповед зьняволенага службовец адрэагаваў, што будзе разьбірацца.

Хто такі Цурпанаў

Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёву. Першага верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны. Да зьняволеньня рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG