Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены Канстытуцыі, якія на год пераносяць мясцовыя выбары


Палата прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў у апошні дзень сэсіі ўхваліла ў першым чытаньні законапраект аб зьмене Канстытуцыі Беларусі.

Палатай прадстаўнікоў ў першым чытаньні прыняты законапраект «Аб зьмяненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Як паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў, гэтым праектам закону прадугледжваецца ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.

Такім чынам, чакаецца, што мясцовыя выбары, якія плянаваліся на канец 2021-га ці пачатак 2022 году, будуць перанесеныя на 2023 год.

У телеграм-канале Палаты прадстаўнікоў пішуць, што ў другім чытаньні законапраект будзе разгледжаны на восеньскай сэсіі.

Да 1 жніўня Канстытуцыйная камісія ў складзе 36 чалавек мусіць прадставіць выпрацаваныя прапановы для наступнага іх вынясеньня на рэспубліканскі рэфэрэндум.

Раней абедзьве палаты Нацыянальнага сходу прынялі зварот да Лукашэнкі з просьбай правесьці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і парлямэнт адначасова. Лукашэнка 26 траўня, выступаючы перад палатамі, падтрымаў гэтую ідэю.

Нязьменная з 1996 году кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. Яна адзначала, што ў выпадку станоўчага рашэньня наступныя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перанесеныя з пачатку 2022 году на 2023 год. Пры гэтым кіраўніца ЦВК падкрэсьлівала, што да правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца ня будзе.

24 чэрвеня старшыня створанай Лукашэнкам Канстытуцыйнай камісіі Пятро Міклашэвіч заявіў, што камісія рыхтуе папраўкі да артыкулаў аб нэўтралітэце і ядзернай бясьпецы.

Паводле яго, у Канстытуцыі ўдакладняць таксама палажэньне аб бязьядзернай тэрыторыі — з улікам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. На думку Міклашэвіча, варта пазначыць, што Беларусь выкарыстоўвае ядзерную энэргетыку ў мірных мэтах і гарантуе бясьпеку вытворчасьці.

Акрамя таго, кіраўнік КС расказаў, што прэамбулу Канстытуцыі могуць дапоўніць палажэньнямі аб захаваньні нацыянальнай самабытнасьці і сувэрэнітэту.

Міклашэвіч дадаў, што ў Беларусі «сёньня фармуецца справядлівае грамадзтва на пачатках салідарнасьці і агульнага дабрабыту», што неабходна таксама дадаць у прэамбулу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG