Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША суд вынес першы прысуд у справе аб штурме Капітолія. Колькі атрымала абвінавачаная


Суд у ЗША прысудзіў 49-гадовай жыхарцы штату Індыяна Ганне Морган Лойд тры гады умоўнага турэмнага тэрміну, 120 гадзінаў абавязковых работ і 500 даляраў штрафу у справе аб штурме Капітолія. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Выданьне піша, што абвінавачаная заключыла пагадненьне са сьледзтвам і прызнала віну. На паседжаньні 23 чэрвеня Ганна Морган Лойд выбачылася перад судом, сваёй сям’ёй і «амэрыканскім народам» за тое, што ў дзень штурму была ў Вашынгтоне і падтрымала Дональда Трампа на мірнай дэманстрацыі.

«Мне сорамна, што падзеі таго дня сталі дзікай праявай жорсткасьці», — сказала яна.

Пракурор сказаў, што абвінавачаная не павінна сядзець у турме, бо правяла ўнутры будынка Капітолія каля 10 хвілін і ня ўдзельнічала ў якіх-небудзь гвалтоўных дзеяньнях і пашкоджаньні маёмасьці. Ён таксама адзначыў, што Морган Лойд супрацоўнічала са сьледзтвам, падрабязна адказвала на пытаньні, дазволіла вывучыць свой тэлефон, а таксама на яе рахунку няма іншых злачынстваў.

У лісьце да судзьдзі Лойд напісала, што яна была за дэмакратаў, але ў 2016 годзе пачала разам з мужам падтрымліваць Трампа, таму што «ён адстойваў тое, у што мы верым».

Пасьля арышту адвакат Лойд даў ёй сьпіс кніг і фільмаў, каб дапамагчы ёй «убачыць, якое жыцьцё іншых у нашай краіне».

«Я пражыла абароненае жыцьцё і на самай справе не адчувала яго так, як многія, — напісала Лойд. — Я даведалася, што, нават нягледзячы на тое, што мы жывем у цудоўнай краіне, усё яшчэ трэба паляпшаць. Людзі любога колеру скуры павінны адчуваць сябе ў бясьпецы, ідучы па вуліцы, як і я».

Як адзначае Associated Press, усяго ў справе аб штурме Капітолія праходзіць каля 500 чалавек.

Дональд Трамп адмовіўся прызнаць перамогу кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэна ў прэзыдэнцкіх выбарах ЗША, якія адбыліся ў 2020 годзе. Трамп неаднаразова заяўляў аб маштабным махлярстве, не даючы якіх-небудзь доказаў. Каманда юрыстаў Трампа і яго прыхільнікі падалі каля 60 судовых пазоваў, патрабуючы пералічыць галасы ў некалькіх штатах, але амаль усе яны былі адхіленыя фэдэральнымі судамі або судамі асобных штатаў. Два пазовы адхіліў Вярхоўны суд. Прадстаўнікі выбарчай камісіі і Міністэрства юстыцыі заявілі, што словы Трампа ня маюць пад сабой глебы.

На мітынгу ў Вашынгтоне 6 студзеня Трамп зноў заявіў, што «выбары былі скрадзеныя». Пасьля яго выступу некалькі соцень прыхільнікаў Трампа ўварваліся ў будынак Капітолія падчас сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат Кангрэсу, на якім павінны былі зацьвердзіць вынікі выбараў. Заканадаўцаў тэрмінова эвакуявалі з будынка. Падчас штурму Капітолія загінула адна прыхільніца Трампа. Празь некалькі гадзін пасьля захопу будынку Кангрэс канчаткова пацьвердзіў перамогу Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG