Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі прыйшлі ў інтэрнэт-краму 21vek.bу і кампанію «Юркас». Затрымалі заснавальнікаў


Замова праз інтэрнэт-краму, ілюстрацыйнае фота
Замова праз інтэрнэт-краму, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі адной з найбуйнейшых пляцовак інтэрнэт-гандлю Беларусі 21vek.bу паведамілі аб раптоўным візыце сілавікоў. Адбываецца ператрус, у людзей забралі тэлефоны.

У офісе онлайн-гіпэрмаркету расказалі парталу Onliner, што перакрытыя некалькі паверхаў. Многія кантакты перасталі выходзіць на сувязь. Паводле папярэдніх зьвестак, затрыманыя сузаснавальнікі інтэрнэт-крамы Павал Матусевіч і Сяргей Вайніловіч.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў гэтаксама працуе на складзе і ў офісе кампаніі «Трыявіст» (інтэрнэт-крама «21 век»). Часткай бізнэсу 21vek.bу валодае інвэстыцыйны фонд «Зубр Капітал». Разьмешчаны побач офіс фінансавай кампаніі працягвае працаваць, кантралёраў там не заўважана.

Журналістам пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар у праваахоўных структурах адносна мэты візыту сілавікоў у інтэрнэт-краму 21vek.bу.

Інтэрнэт-крама 21vek.by пазьней паведаміла ў Тэлеграме, што «пакуль ня ведае падрабязнасьцяў сытуацыі», але працягвае працаваць у штатным рэжыме, прымае і дастаўляе замовы.

Партал Tut.by высьветліў падрабязнасьці ператрусу: работнікі кампаніі казалі, што пасьля 12-й гадзіны дня ў офісе зьявіліся нейкія падазроныя людзі.

— Яны заходзілі ў кабінэты да работнікаў і казалі, што выканаўчы дырэктар праводзіць сход на другім паверсе і нас запрашаюць туды. Мне здалося гэта вельмі дзіўным, таму што ў ніводнай нармальнай кампаніі ні на якія сходы так не запрашаюць, — расказаў адзін з працаўнікоў офіса. — Я сказаў, што не супрацоўнік кампаніі, і прайшоў міма. Крыху пазьней я вырашыў паглядзець, што адбываецца на другім паверсе, але зайсьці думаў празь верхні паверх. Там былі заблякаваныя нашы супрацоўнікі.

Яшчэ адзін супрацоўнік офіса, які сёньня працаваў дыстанцыйна, паведаміў, што людзі, якія знаходзяцца ў офісе, некалькі гадзін не выходзілі на сувязь. Гэта пацьвердзілі яшчэ некалькі чалавек.

— Працую ў офісе 21vek, але ня там цяпер знаходжуся. Ужо дзьве гадзіны ўсе не на сувязі. Ведаю, што сілавікі дазволілі перадаць заблякаваным на паверсе ў офісе людзям ежу і ваду ў офіс, — кажа адзін з працаўнікоў.

«У мяне жонка працуе ў офісе 21vek. Некалькі гадзін не магу да яе датэлефанавацца», — напісаў у паведамленьні чытач парталу.

Цяпер, як расказваюць працаўнікі, многія працуюць дыстанцыйна. У офісе заставаліся ў асноўным кіраўнікі, супрацоўнікі аддзелу закупак, аддзелу кадраў і бухгальтэрыі.

— Да тых, хто працуе дыстанцыйна, ніхто не прыйшоў. Прынамсі, я ня чуў. Працу мы не спынялі. Таксама начальніку майго аддзелу перадалі, што сілавікі забралі Сяргея Вайніловіча. Гэта адзін з заснавальнікаў кампаніі, — расказала працаўніца офіса.

Паводле работніка, які сёньня пазьней прыехаў на працу, калі ён увайшоў у офіс, яго калегі сядзелі ў прысутнасьці нейкіх людзей.

Паводле інфармацыі газэты «Наша Ніва», сілавікі вынялі дакумэнты ў офісе кампаніі ў ПВТ. 21vek — рэзыдэнт парку.

Як адзначае Deutsche Welle, доля 21vek.by на рынку інтэрнэт-гандлю ў Беларусі — больш за траціну. Абарот перавышае 310 мільёнаў даляраў.

Сёньня сілавікі прыйшлі таксама ў кампанію «Юркас»

Паводле Onliner, сілавікі прыйшлі і ў кампанію «Юркас» — гэта адзін з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў уваходных і міжпакаёвых дзьвярэй. Працаўнік фірмы пацьвердзіў, што некуды павезьлі заснавальніка і кіраўніка бізнэсу Дзьмітрыя Юркевіча.

«Прыехалі ў масках, камэры заляпілі, тэлефоны забралі. Невядома, хто гэта быў. Усярэдзіне заблякавана шмат людзей, нікога не выпускаюць. А заснавальніка нашага ўжо некуды павезьлі», — расказаў суразмоўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG