Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Юрыя Хадыкі


Юры Хадыка
Юры Хадыка

Падзеі 23 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

23 чэрвеня 1938 году нарадзіўся Юры Хадыка, навуковец, мастацтвазнаўца, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

«Мы не свабодныя дасягнуць таго або іншага, але свабодныя зрабіць або не зрабіць неабходнае». Гэтыя словы філёзафа Освальда Шпэнглера маглі б стаць эпіграфам да жыцьцяпісу Юрыя Хадыкі, які, я ўпэўнены, — з тых нешматлікіх асобаў, што зрабілі ўсё, чаго вымагаў ад іх час, дзе выпала жыць.

Я пачуў ягонае імя яшчэ ў студэнцкія гады. Хтосьці з выкладчыкаў нашага гістарычнага факультэту БДУ сказаў: пакуль гуманітарыі лічаць варонаў, фізыкі, што займаюцца касьмічнымі тэхналёгіямі, езьдзяць па Беларусі, зьбіраючы абразы ды іншыя скарбы, каб стварыць Музэй старажытнай беларускай культуры. Музэй адчыніўся ў 1979-м, і тая падзея ўспрымаецца цяпер як першая ластаўка новага нацыянальнага Адраджэньня.

Калі ў Савецкім Саюзе пачаліся дэмакратычныя перамены, зьявілася азначэньне: «прарабы перабудовы». Да іх у Беларусі адносілі і прафэсара, доктара навук, ляўрэата прэміі Савету Міністраў СССР (за ўдзел у стварэньні сыстэмы раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе) Юрыя Хадыку. Але ён не зьбіраўся перабудоўваць камуністычную імпэрыю. Ён марыў пра беларускую незалежнасьць і стаў адным зь яе архітэктараў. Пры канцы 1980-х яго кабінэт у Інстытуце фізыкі ператварыўся ў сядзібу БНФ і фронтаўскае выдавецтва.

Амаль два дзесяцігодзьдзі Хадыка быў намесьнікам старшыні Беларускага Народнага Фронту і нязьменна вызначаўся мудрасьцю, талерантнасьцю, талентам кампрамісу. Ягоным заўсёдным прынцыпам было: хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам. Ягоным першачарговым крытэрам было сумленьне. Дзеля справы ён быў гатовы ахвяраваць сабой. У аналах застаецца яго гераічная галадоўка пасьля Чарнобыльскага шляху 1996 году.

Усіх уражвала выдатнае веданьне Юрыем Віктаравічам айчыннай і ўсясьветнай гісторыі і культуры. (У 1997-м яго абралі прарэктарам Народнага ўнівэрсытэту — самага, бадай, буйнога праекту цэнтру «Беларуская пэрспэктыва».) Фізык Хадыка быў бліскучым мастацтвазнаўцам і ў гэтай якасьці прачытаў сотні лекцыяў. Ён упэўнена арыентаваўся ў акіяне замежнай і нацыянальнай літаратуры. Любіў паэзію і прозу Ўладзімера Караткевіча і свой вядомы артыкул «Нацыяналізм і патрыятызм» не бяз скрухі пачаў зь ягоных радкоў:

Мужыцкі Брэйгель трызьніць родным краем На вуліцах паміж абжорных крам. О крамы, крамы! Вы — душа радзімы...

У мяне багата асабістых успамінаў пра спадара Юрыя. Яго нязьменная філязофская яснасьць духу і маральная раўнавага прыводзілі мне на памяць аўтара неўміручых «Досьведаў» — Мішэля Мантэня. Аднаго разу пасьля паседжаньня Сойму БНФ Хадыка правёў з мною, маладым аднадумцам, доўгую гутарку пра тое, як перамагаць у спрэчках з разумнымі і перакананымі апанэнтамі, як заваёўваць прыхільнікаў сваёй ідэі, і нават — як глядзець чалавеку ў вочы.

Так цяпер і гляджу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.694-695.

Таксама ў гэты дзень

930 ― скліканы найстарэйшы зь дзейных сёньня парлямэнтаў ― ісьляндзкі Альтынг.

1846 ― Адольф Сакс атрымаў патэнт на саксафон.

Саксафон
Саксафон

1865 — завяршылася Грамадзянская вайна ў ЗША.

Грамадзянская вайна ў ЗША
Грамадзянская вайна ў ЗША

1894 ― утвораны Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у Парыжы з ініцыятывы П’ера дэ Кубэртэна.

1917 ― Першы Ўнівэрсал (асноўны закон) прыняты ўкраінскай Радай, ім абвешчаная незалежнасьць Украіны.

1944 — савецкія войскі пачалі апэрацыю «Багратыён», у выніку якой тэрыторыя Беларусі была вызваленая ад нацысцкай акупацыі.

1991 ― Малдова абвясьціла незалежнасьць.

2016 — грамадзяне Вялікай Брытаніі на агульнанацыянальным рэфэрэндуме прагаласавалі за выхад каралеўства з Эўрапейскага Зьвязу.

Мітынг прыхільнікаў Брэкзіту, Лёндан, чэрвень 2016
Мітынг прыхільнікаў Брэкзіту, Лёндан, чэрвень 2016

У гэты дзень нарадзіліся

1777 ― Язэп Аляшкевіч, беларускі мастак.

1889 ― Ганна Ахматава, расейская паэтка, пісьменьніца, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладчыца.

Ганна Ахматава
Ганна Ахматава

1912 — Алан Мацісан Тʼюрынг, ангельскі матэматык, распрацоўшчык першых вылічальных машын, яго працы паслужылі асновай для стварэньня сучасных ЭВМ.

У памяці

79 — Вэспасіян, рымскі імпэратар.

1933 — Мікалай Шамяціла, япіскап, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў

Выпускнік Менскай сэмінарыі й Маскоўскай духоўнай акадэміі, ён у 1914-м быў прызначаны настаяцелем Слуцкага катэдральнага сабору. Хоць дакумэнтаў пра сувязі айца Мікалая з кіраўнікамі Слуцкага збройнага чыну не захавалася, можна з пэўнасьцю сказаць, што яго патрыятычныя беларускамоўныя казаньні прывялі ў шэрагі паўстанцаў не аднаго случака. ....

Па слуцкага ўладыку прыйшлі ў 1926-м. Празь сем гадоў ОГПУ зноў арыштавала яго ў справе «контрарэвалюцыйнай праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі». Абвяшчэньне сьмяротнага прысуду ён перажыў усяго на два тыдні.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.140-141.

1947 ― Уладзімер Пічэта, беларускі і расейскі гісторык, выкладнік, першы рэктар БДУ, акадэмік АН БССР, акадэмік АН СССР.

Уладзімер Пічэта
Уладзімер Пічэта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG