Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Гішпаніі пацьвердзілі пляны памілаваць зьняволеных каталёнскіх незалежнікаў


Дэманстрацыя супраць памілаваньня лідэраў каталёнскіх незалежнікаў.
Дэманстрацыя супраць памілаваньня лідэраў каталёнскіх незалежнікаў.

Гішпанскі прэм’ер-міністар Пэдра Санчэс пацьвердзіў пляны памілаваньня каталёнскіх сэпаратыстаў на гэтым тыдні.

Дзевяць лідэраў апынуліся ў турме праз абвінавачаньне ў падрыўной дзейнасьці ў выніку спробы дасягнуць незалежнасьці Каталёніі, правёўшы рэфэрэндум у 2017 годзе. Яшчэ трое былі прызнаныя вінаватымі ў непадпарадкаваньні, але не былі зьняволеныя.

Іх памілаваньні будуць накіраваныя ў кабінэт міністраў у аўторак, паведамляе Бі-Бі-Сі.

На пачатку гэтага месяца дзясяткі тысяч людзей пратэставалі супраць гэтых плянаў, але ўрад сьцьвярджае, што гэты крок дапаможа зьнізіць напружанасьць у дачыненьні да Каталёніі.

Імкненьне да незалежнасьці паўаўтаномнага рэгіёну амаль чатыры гады таму спарадзіла ў Гішпаніі найбуйнейшы палітычны крызіс за апошнія 40 гадоў.

Аднак апанэнты абвінавачваюць гішпанскі ўрад у выкарыстаньні плянаў для здабыцьця палітычнай падтрымкі.

«Заўтра, кіруючыся канстытуцыйным духам прабачэньня, я запрапаную кабінэту міністраў зацьвердзіць памілаваньне», — заявіў прэм'ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс падчас выступу ў Барсэлёне ў панядзелак.

«Каб дасягнуць дамоўленасьці, нехта мусіць амаль заўсёды зрабіць першы крок, — сказаў ён. — Гішпанскі ўрад зробіць гэты крок зараз».

У Гішпаніі існуе шырокі супраціў гэтаму рашэньню: нядаўняе апытаньне гішпанскай газэты El Mundo паказала, што каля 61% людзей былі супраць памілаваньня лідэраў сэпаратыстаў.

Вярхоўны суд краіны таксама заявіў, што выступае супраць гэтага рашэньня, хоць яго пазыцыя ня ёсьць абавязковай.

Але рашэньне прэм’ер-міністра таксама выклікала гнеў каталёнскіх пратэстоўцаў, якія лічаць, што лідэры зусім ня мусілі сядзець у турме.

Лідэр незалежнікаў Кім Тора, якому было забаронена займаць дзяржаўныя пасады пасьля адмовы зьняць незалежніцкі сымбаль з будынка ўраду, адмовіўся далучыцца да заявы прэм’ер-міністра, назваўшы гэта актам «прапаганды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG