Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пашыньян ізноў перамог? Адказвае палітычны аглядальнік «Эха Кавказа»


Нікол Пашыньян падчас галасаваньня на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах, Ерэван, 20 чэрвеня 2021
Нікол Пашыньян падчас галасаваньня на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах, Ерэван, 20 чэрвеня 2021

Чаму партыя в.а. прэм'ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна пасьля паразы ў вайне і шматтысячных пратэстаў трыюмфальна перамагла на датэрміновых выбарах? Хто галасаваў за яе? Ці выведзе апазыцыя людзей на пратэст? Як на вынікі армянскіх выбараў адрэагуюць Масква і Баку? Ці стане Пашыньян дыктатарам?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста наконт выбараў у Армэніі адказвае палітычны аглядальнік радыё «Эхо Кавказа» Вадзім Дубноў.

Дубноў

  • Пашыньян здолеў памяняць парадак дня.
  • Безнадзейнае для яго пытаньне аб паразе ў вайне ён здолеў замяніць пытаньнем аб пасьляваеннай пабудове грамадзтва.
  • Апазыцыя гуляла на полі ваеннай паразы, а на тым полі, гульню на якім прапанаваў Пашыньян, апазыцыі асабліва не было чаго прапанаваць.
Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў
  • Апазыцыя казала, што страчаны будзе ня толькі Карабах, але і ўся Армэнія.
  • Усё тое, чым пужала апазыцыя, ня спраўдзілася.
  • Фактарам выбараў была нелюбоў да постацяў мінулага — экс-прэзыдэнтаў Качар'яна і Саргсьяна.
  • Да таго ж толькі Пашыньян быў сапраўдным змагаром, барацьбітом за ўладу.
  • Качар'ян перамагаў у мінулым альбо за кошт адміністрацыйнага рэсурсу, альбо гвалтам, як гэта было ў 2008 годзе.
  • Пашыньян прафэсійна маніпулюе і інтрыгуе, і вось вынік.
  • Качар'ян здолеў згуртаваць вакол сябе ладную частку тых сілаў, якія не ўспрымалі Пашыньяна, але не былі гатовыя аддаць галасы больш лібэральным сілам.
  • Пашыньян здолеў перавесьці выбары ў фармат рэфэрэндуму аб даверы яму.
  • Фігуры, якая магла згуляць супраць Пашыньяна, у Армэніі проста не было.
  • Сацыялёгія не зьяўляецца моцным бокам армянскай грамадзкай думкі.
  • У самой Армэніі сацыялягічным зьвесткам ня надта вераць. Там ведаюць, хто стаіць за той ці іншай сацыялягічнай фірмай.
  • Усе эліты адвярнуліся ад Пашыньяна — эліты вайсковыя, акадэмічныя, значнай часткай і эліты палітычныя.
  • Гэта, зразумела, ягоная параза. Але гэтыя эліты хаваюцца ў тых 50% насельніцтва, якія не прыйшлі на ўчорашнія выбары.
  • Яны не настолькі ненавідзелі Пашыньяна, каб пайсьці прагаласаваць за Качар'яна.
  • Модна казаць пра «глыбінны народ», які прагаласаваў за Пашыньяна.
  • Але гэта хутчэй ляялісцкая постсавецкая большасьць, якая заўсёды галасуе за дзейную ўладу. Яна жыве пераважна ў вёсцы і ў малых гарадах.
  • І важны момант — зьмена парадку дня. Цяжка сказаць, як бы прагаласавала гэтая большасьць, скажам, у лістападзе летась, калі пытаньне вайны было гарачае.
  • Час спрацаваў на Пашыньяна.
  • Я магу памыляцца, але пасьлявыбарчы пратэст Качар'ян ладзіць гэтак жа маланатхняльна, як ладзіў выбарчую кампанію.
  • Рэсурсу натоўпу ў Качар'яна няма. Рэсурс натоўпу ёсьць у Пашыньяна, і сёньня ўвечары мы яго ўбачым, калі ён паспрабуе вярнуць сабе статус лідэра Плошчы.
  • Пашыньян — чалавек без палітычных прынцыпаў.
  • Ён можа сабе дазволіць гаварыць бязь мітаў. Ён можа не гаварыць пра сьвятыя для армянаў рэчы — пра армянскі сьвет (у нечым падобны да «рускага сьвету»), межы якога не праходзяць нідзе.
  • Лявон Тэр-Пэтрасян казаў яшчэ ў 1997 годзе, але зыходзячы з прынцыпаў армянскай Realpolitik — перамога ў Карабаху нічога ня дасьць, яна абернецца паразай.
  • Сёньня Пашыньян праводзіць тую самую думку, зыходзячы з адсутнасьці прынцыпаў.
  • Ён адзіны можа сказаць пра неабходнасьць дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы, а гэта адсякае ўсе надзеі на Карабах.
  • Але слухаць будуць Пашыньяна.
  • Яму вельмі дапамаглі Расея і Азэрбайджан у апошнія месяцы.
  • Масква паводзіць сябе адносна Армэніі вельмі прагматычна.
  • Гэта міт 90-х — пачатку нулявых, што Маскве Армэнія патрэбная як калёнія.
  • Вельмі сьмешна, але кожная армянская палітычная сіла спрабуе «ўпарыць» Маскве больш армянскага сувэрэнітэту, чым Маскве гэта трэба.
  • Азэрбайджан спрабуе ўмацаваць сваю перамогу. Баку падштурхоўваў Ерэван да заключэньня мірнай дамовы.
  • Армэніі складана, бо ёй няма на каго спадзявацца — яна ня можа спадзявацца ні на Маскву, ні на Захад.
  • Пашыньян ня стане дыктатарам, гэтага нікому ў Армэніі не ўдавалася.
  • Януковіч пераблытаў — ва Ўкраіне нельга кіраваць, як Лукашэнка ў Беларусі.
  • І ў Армэніі нельга, у Армэніі можна толькі дамаўляцца.
  • Пашыньян абламаў зубы аб сетку прыхільнікаў Качар'яна ў сыстэме ўлады.

Што адбылося раней

  • Партыя выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна «Грамадзянская дамова» перамагла на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах краіны з 53,92% галасоў.
  • Далей ідзе блёк другога прэзыдэнта краіны Робэрта Качар’яна «Армэнія» з 21,04% галасоў. Акрамя таго, блёк «Гонар маю», які сфармаваўся вакол партыі трэцяга прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна, набраў 5,23% галасоў. Партыя «Квітнеючая Армэнія» атрымала 3,96% галасоў, а партыя «Рэспубліка» — 3,04%.
  • Яўка на выбарах па ўсёй краіне склала 49,4%. Яўка ў Ерэване — 51,55%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG