Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу старшыні Гомельскага аблвыканкаму суд пакараў музыку Gods Tower «хіміяй» на 3 гады


Уладзіслаў Наважылаў
Уладзіслаў Наважылаў

Летась у час масавых пратэстаў ён пакінуў камэнтар на Youtube пад ролікам пра сустрэчу жыхароў Гомля і старшыні аблвыканкаму: «Соловей — крайне неразумный боров».

Тры гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хіміі») атрымаў вакаліст гурту Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў за «абразу прадстаўніка ўлады».

Сьледзтва і суд палічылі гэта злачынствам. (Прозьвішча старшыні аблвыканкаму — Салавей).

Пацярпелы старшыня аблвыканкаму на суд не зьяўляўся. Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Кармановіч. Абвінаваўца — супрацоўніца пракуратуры Тацяна Гаркуша. Яна запатрабавала для музыкі максымальнага пакараньня — 3 гады «хіміі».

16 жніўня 2020 году жыхары Гомля «выклікалі на дыван» старшыню Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. Прэтэнзіі гараджан тычыліся фальсыфікацыі выбараў, масавых затрыманьняў, гвалту ў міліцыі і сьмерці Аляксандра Віхора.

Дыялёг грамадзтва і прадстаўніка ўлады здымалі многія СМІ, у тым ліку «Сильные новости». Пад іх відэа зьявілася шмат нэгатыўных камэнтароў. Уладзіслаў Наважылаў не адмаўляе, што ён таксама на эмоцыях пакінуў камэнтар, але зазначыў на судзе, што ягонае выказваньне было бяскрыўдным.

«У Гомлі загінуў Аляксандар Віхор, і я хацеў ведаць, якая рэакцыя ўлады на яго гібель. Але ўцямнага адказу на пытаньні грамадзян я не пачуў. Старшыня аблвыканкаму ня даў адказаў па сутнасьці, як і ў творах Салтыкова-Шчадрына. Пасьля прагляду відэа з сустрэчы са старшынём аблвыканкаму я пакінуў камэнтар „Соловей — крайне глупый боров“. Перад гэтым я чытаў Салтыкова-Шчадрына і выказаўся так, пра „борова“, што гэта абагульнены вобраз чыноўніка. У мяне не было намеру абразіць Генадзя Салаўя. Гэта была мая думка, а не абраза. Бо калі я хачу некага абразіць, то не ўжываю літаратурных вобразаў. Увогуле, „боров“ — геральдычная фігура, якая прысутнічае на гербах анге́льскай шляхты», — тлумачыў музыка на судзе.

У апошнім слове ён зазначыў, што ад рашэньня судзьдзі залежыць лёс ягонай сям’і. Уладзіслаў Наважылаў — адзіны карміцель у сям’і, дзе двое непаўналетніх дзяцей. Сям’я жыве на найманай кватэры. «У выпадку пазбаўленьня мяне волі жонка і дзеці апынуцца на вуліцы. Калі каму цікава, што я хачу, — гэта застацца на волі», — казаў музыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG