Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе максымальнага пакараньня для музы́кі Ўладзіслава Наважылава за камэнтар у інтэрнэце


Уладзіслаў Наважылаў

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 15 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы на вакаліста гурту Gods Tower Уладзіслава Наважылава. 16 жніўня 2020 году ён пакінуў пад відэа «Сильные новости» камэнтар «Соловей — крайне неразумный боров». Камэнтар сьледзтва патрактавала як абразу прадстаўніка ўлады (старшыня Гомельскага аблвыканкаму — Генадзь Салавей).

Пацярпелы старшыня аблвыканкаму на суд не зьявіўся. Справу разглядае судзьдзя Сяргей Кармановіч. Абвінаваўца — супрацоўніца пракуратуры Тацьцяна Гаркуша.

Што адбылося

16 жніўня 2020 году жыхары Гомля «выклікалі на дыван» старшыню Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. Асноўныя прэтэнзіі гараджан былі да фальсыфікацыі выбараў, масавых затрыманьняў, гвалту ў міліцыі і сьмерці Аляксандра Віхора. Дыялёг грамадзтва і прадстаўніка ўлады здымалі многія СМІ, у тым ліку «Сильные новости». Пад іх відэа зьявілася шмат нэгатыўных камэнтароў. Уладзіслаў Наважылаў не адмаўляе, што ён таксама на эмоцыях пакінуў камэнтар, але зазначыў на судзе, што ягонае выказваньне было бяскрыўдным.

Што патлумачыў на судзе музы́ка

Падчас судовага допыту вакаліст Gods Tower патлумачыў, што ня мог нармальна працаваць у дні пасьля выбараў, таму што не было інтэрнэту.

«Улада бязьдзейнічала. У Гомлі загінуў Аляксандр Віхор, і я хацеў ведаць, якая рэакцыя ўлады на яго гібель. Але ўцямнага адказу на пытаньні грамадзян я не пачуў. Старшыня аблвыканкаму ня даў адказаў па сутнасьці, як і ў творах Салтыкова-Шчадрына. Пасьля прагляду відэа з сустрэчы са старшынём аблвыканкаму я пакінуў камэнтар „Соловей — крайне глупый боров“. Перад гэтым я чытаў Салтыкова-Шчадрына і выказаўся так, пра „борова“, што гэта абагульнены вобраз чыноўніка. У мяне не было намеру абразіць Генадзя Салаўя. Гэта была мая думка, а не абраза. Бо калі я хачу некага абразіць, то не ўжываю літаратурных вобразаў. Увогуле „боров“ — геральдычная фігура, якая прысутнічае на гербах анге́льскай шляхты», — патлумачыў музыка на судзе.

Што яму будзе

Супрацоўніца пракуратуры палічыла, што віна Ўладзіслава Наважылава даказаная, і папрасіла адправіць на «хімію» на тры гады. Санкцыі артыкулу прадугледжваюць такія пакараньні, як штраф і абмежаваньне волі. 3 гады абмежаваньня — максымум. Тацьцяна Гаркуша палічыла, што музыка публічна абразіў чыноўніка і падарваў аўтарытэт улады.

«Я ўзяў з сабой на ўсялякі выпадак „трывожную валізку“, але да апошняга меў надзею, што пераможа розум. Але не. Суцэльнае вар’яцтва. Да якой высновы ўрэшце прыйдзе суд, ня ведаю, усё вельмі дзіўна, ніякіх прагнозаў нельга рабіць, бо „часам не да законаў“», — пракамэнтаваў вынік першага паседжаньня Наважылаў.

Суд працягнецца 21 чэрвеня.

(Аўдыёзапіс судовага паседжаньня прадставіў гомельскі валанцёр Ільля Міронаў)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG