Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская мэдыкам: «Дзякуй за вашу сьмеласьць»


Сьвятлана Ціханоўская ў штаб-кватэры Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе, 8 чэрвеня 2021 г.

Сьвятлана Ціханоўская павіншавала мэдычных працаўнікоў зь міжнародным Днём мэдыка.

«Дзякуй за вашу стойкасьць, — сказала яна ў відэазвароце. — Бо той жах, які для большасьці беларусаў пачаўся мінулым летам, вы перажылі яшчэ вясной. Чыноўнікі адмаўлялі небясьпеку каранавірусу, у шпіталях не хапала абсталяваньня, апаратаў ШВЛ. Вам давялося вытрымліваць вар’яцкія працоўныя зьмены. Увесь гэты час тыя, хто называў сябе ўладай, толькі ўскладнялі ваша жыцьцё».

«Дзякуй за вашу сьмеласьць, — дадала яна. — Мы заўсёды дзякавалі вам за тое, што ў жніўні вы ратавалі людзей з катавальняў. Але сёньня я хачу сказаць дзякуй і за тое, што, сутыкнуўшыся з гэтым пеклам, вы не адступілі — вы забыліся пра сябе, каб дапамагаць іншым».

Міністэрства аховы здароўя паведаміла 20 чэрвеня, што за мінулыя суткі ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя 582 выпадкі COVID-19, памерлі 9 чалавек з каранавіруснай інфэкцыяй, з бальніц выпісаныя 882 пацыенты.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 410 678, паправіліся 403 758 чалавек. Памерлі 3 044 пацыенты з дыягнаставанай каранавіруснай інфэкцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG