18 чэрвеня скончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Максіма Ялканава, якога абвінавацілі ў арганізацыі ў Гомлі і Рэчыцы «групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Як піша «Палеская Вясна», такімі «парушэньнямі парадку» палічылі некалькі тэлефанаваньняў сябрам, роднаму і стрыечнаму братам з прапановай прайсьціся ў цэнтар Рэчыцы ды зьезьдзіць у Гомлю.
Максім Ялканаў і некаторыя ягоныя сябры, прагледзеўшы відэаролікі з вуліцаў і плошчаў Менску і іншых гарадоў, былі ўзрушаныя гвалтам сілавікоў датычна мірных дэманстрантаў, якія выйшлі выказаць нязгоду з масавымі фальсыфікацыямі прэзыдэнцкіх выбараў.
Летась 10 жніўня на плошчы ў Рэчыцы практычна нічога не адбывалася, таму хлопцы вырашылі зьезьдзіць у Гомель. Там пяцёра сяброў пасьпелі толькі выйсьці з машыны і крыху прайсьці, як іх затрымалі.
Дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая ў спрэчках адзначыла, што малады чалавек прызнаў віну, аднак настойвала на тым, каб ізаляваць Максіма Ялканава ад грамадзтва, прызначыўшы яму 2 гады пазбаўленьня волі з накіраваннем у калёнію агульнага рэжыму.
У сваім апошнім слове Максім Ялканаў выбачыўся перад маці, што прымусіў яе хвалявацца, і папрасіў суд не ўжываць пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі.
18 чэрвеня судзьдзя Сяргей Салоўскі пастанавіў прызнаць Максіма Ялканава вінаватым у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады і прысудзіў яму пакараньне ў выглядзе 1 году і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
У тэрмін адбыцьця пакараньня залічваецца час знаходжаньня палітвязьня пад вартай з 9 сакавіка.
Максім Ялканаў прызнаны палітзьняволеным. Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.