Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Васіля Быкава


Васіль Быкаў, 1974 год
Васіль Быкаў, 1974 год

Падзеі 19 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

19 чэрвеня 1924 году нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік. Большасьць твораў Быкава ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.

Упершыню мы сустрэліся з Быкавым на сэмінары маладых літаратараў у 1982 годзе. Слухаючы яго словы аб тым, што яшчэ не прамоўленая ўся праўда пра мінулую вайну, я адразу ўспомніў тую полацкую вёску, якую ў 1941-м спалілі разам з жыхарамі пераапранутыя ў нямецкую форму супрацоўнікі НКВД. Але значна больш за тое, што гаварыў Васіль Уладзімеравіч, мяне ўразіла тады ягонае маўчаньне падчас выступаў рознага кшталту калялітаратурных чыноўнікаў. У гэтым маўчаньні адчувалася веліч асобы.

Сапраўднае адкрыцьцё Быкава як пісьменьніка глыбока нацыянальнага пачалося для мяне пасьля зьяўленьня аповесьці «Знак бяды» — твору, бясспрэчна, знакавага для нашае літаратуры.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 508–509.

Таксама ў гэты дзень

1655 — падчас Трынаццацігадовай вайны маскоўскае войска спаліла Барысаўскі замак.

1669 — каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Літоўскім абралі Міхала Вішнявецкага.

1831 — падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў пад Вільняй пачалася Панарская бітва, найбуйнейшая за ўвесь час паўстаньня.

1846 — у штаце Нью-Джэрзі прайшоў першы ў гісторыі бэйсбольны матч.

1913 — у Паўднёвай Афрыцы парлямэнт прыняў закон пад назвай «Natives Land Act», які абмяжоўваў набыцьцё зямлі чарнаскурымі жыхарамі краіны. Гэты закон стаў падмуркам палітыкі апартэіду.

1926 — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Народная справа».

1941 — у заходніх абласьцях Беларусі, Украіны, Малдовы адбылася апошняя перадваенная дэпартацыя «варожых элемэнтаў» і іх сямей.



1953 — у ЗША пакаралі сьмерцю на электрычным крэсьле Этэль і Юліюса Розэнбэргаў, абвінавачаных у перадачы Савецкаму Саюзу ядзерных сакрэтаў.

1988 — у Курапатах прайшоў мітынг памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў з патрабаваньнем стварыць сьледчую камісію.

2006 — на Шпіцбэргене заклалі Сусьветнае сховішча насеньня на выпадак «канца сьвету».

У гэты дзень нарадзіліся

1623 — Блез Паскаль, францускі матэматык, фізык і філёзаф.

1919 — Пятро Бітэль, беларускі перакладчык, літаратар, настаўнік.

У 1939-м афіцэр польскага войска Бітэль трапіў у савецкі палон, але трагедыя Катыні абмінула яго.

Аднак гэбісты ўсё адно прыйшлі па беларускага патрыёта, які ў паваенны час, ня маючы магчымасьці працаваць настаўнікам, быў праваслаўным сьвятаром.

Да вызваленьня ў сярэдзіне 1950-х ён пасьпеў адседзець пяць зь дзесяці прызначаных савецкім судом канцлягерных гадоў. Кемерава — Омск — Джэзказган. Лесапавал — будоўлі сацыялізму — медныя капальні. Але, дзе б ні цягнуў тэрмін Бітэль, паўсюль яго атулялі глыбокая павага й любоў палітзьняволеных-беларусаў. Сябры, часам разьлічваючыся сваёй пайкаю, здабывалі яму магчымасьць не ісьці на працу, а, седзячы ў прыцемным кутку бараку, перакладаць на беларускую мову Адама Міцкевіча. На абгортачнай паперы Бітэль перастварыў «Пана Тадэвуша», «Конрада Валенрода» і «Гражыну». (Бітэлеў пераклад «Пана Тадэвуша» быў выдадзены Беларускім фондам культуры да 200-годзьдзя Адама Міцкевіча.)

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 378–379.

1932 — Юлія Андрусышына, маці беларускага сьпевака і журналіста Багдана Андрусышына (Данчыка).

У 1989-м я паказваў ёй і яе сыну Багдану — ужо вельмі папулярнаму ў нас сьпеваку Данчыку — мой родны Полацак, калі яна ўпершыню пасьля Другой усясьветнай вайны прыехала ў Беларусь. Асабліва ўразіла спадарыню Юлію Спасаўская царква, збудаваная на замову сьвятой Эўфрасіньні.

Потым былі дранікі з душамі, хатняя вішнёўка, канцэрт у Багаяўленскім саборы, калі твар спадарыні Юлі і ўся яна сьвяціліся шчасьцем і гонарам за сына. І — раскоша чалавечых стасункаў з мудрай і сьветлай жанчынай. Здавалася, ведаў яе ня два дні, а — пасьля доўгіх і надзіва шчырых размоваў — цэлае жыцьцё.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 710–711.

1941 — Іван Ласкоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык, крытык, гісторык.

Ён пісаў па-расейску, друкаваўся ў самых прэстыжных маскоўскіх часопісах — ад «Юности» да «Нового мира», выпусьціў дзьве прыхiльна заўважаныя крытыкай паэтычныя кнігі… І раптам вярнуўся да беларускай мовы, на якой пачынаў вершаваць у школе.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 406–407.

1976 — Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар сайту Радыё Свабода, пачынальнік беларускай Вікіпэдыі.

Выдатныя здольнасьці й нечуваная працавітасьць, сьсябраваныя з апантанасьцю новымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі, прывялі яго спачатку на студэнцкую стажыроўку ў ЗША, а потым у Амэрыканскі ўнівэрсытэт у баўгарскім Благоеўградзе. Там Каткоўскі вывучаў кампутарнае праграмаваньне й журналістыку.

У сяброўскіх размовах пра Каткоўскага і ў ягоных афіцыйных характарыстыках нельга абысьціся бяз слова «першы». Ён стаў адным зь першых айчынных інтэрнаўтаў і адным зь першых беларускамоўных блогераў. Першым узяўся за беларусізацыю пошукавіка Google. Яго называлі першым інтэрнэт-амбасадарам Беларусі. І сапраўды, у розных кутках сьвету я сустракаў людзей, якія першае ўяўленьне пра нашую краіну атрымалі дзякуючы Каткоўскаму, вядомаму ў сеціве як rydel23 і br23. Уладзя быў самым маладым супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода і першым у яе гісторыі вэб-майстрам, якога ўзялі на працу выключна ў такой ролі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 578–579.

У памяці

1992 — памёр Валеры Сьлюнчанка, беларускі архітэктар, мастак і рэстаўратар.

Сафійскі сабор, лёс якога быў давераны Сьлюнчанку, стаўся адным зь першых аб’ектаў рэспубліканскіх рэстаўрацыйных майстэрняў. Дапамагаючы спэцыялістам, полацкая інтэлігенцыя ладзіла ў мурах Сафійкі суботнікі, пасьля якіх Валера чытаў нам лекцыі пра беларускія рэнэсанс і барока, дэклямаваў вершы Івана Буніна і дасьціпна рэагаваў на рэплікі будучага празаіка Вінцэся Мудрова кшталту: «Хорошие стишата, вот только автор — белоэмигрант».

Валера й сам пісаў цікавыя вершы: пра жанчын і пра восень — па-расейску, а пра маці — па-беларуску. Ён бясконца перачытваў японца Басё й гiшпанца Ўнамуна. Ён любіў параўноўваць грамадзтва з слоеным пірагом, дзе пячорныя людзі складаюць зусім ня самую тонкую праслойку. Насуперак тагачасным прапагандысцкім заклікам ня жыць адным днём, ён вучыў мяне, што якраз адным днём і трэба жыць — так, каб у ім заўсёды было месца каханьню, сяброўству, музыцы, паэзіі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 388–389.

1993 — памёр Уільям Голдынг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1983 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG