Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Голас народу 9 жніўня 2020 году ня быў пачуты». Яшчэ адзін рабочы на «Нафтане» далучыўся да страйку


Прадпрыемства ў Наваполацку
Прадпрыемства ў Наваполацку

17 чэрвеня яшчэ адзін супрацоўнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» далучыўся да бестэрміновага страйку — гэта 43-гадовы Дзяніс Абрамовіч.

Да страйку на «Нафтане» далучыўся дыспэтчар вытворчага аддзелу прадпрыемства. Прычына сыходу рабочага ў страйк: татальныя парушэньні правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі, піша «Віцебская вясна».

У заяве на імя генэральнага дырэктара «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч зазначыў, што служба бясьпекі прадпрыемства чыніць дыскрымінацыйныя дзеяньні ў дачыненьні да яго калегі і паплечніка па прафсаюзе. Пасьля таго як ён сам уступіў у незалежны прафсаюз, пачаўся ціск, каб звольніць яго з працы. Абрамовіч зьвяртае ўвагу на тое, што стала нормай не працягваць працоўныя адносіны з супрацоўнікамі прадпрыемства, якія не пабаяліся ўступіць у незалежны прафсаюз.

«Голас народу 9 жніўня 2020 году ня быў пачуты... У сваім штодзённым жыцьці я не сустракаў людзей, якія на мінулых выбарах аддалі свой голас у падтрымку Лукашэнкі, хоць іх вынікі сьведчылі пра адваротнае. У сувязі з гэтым мяркую, што быў парушаны цэлы шэраг у тым ліку і маіх канстытуцыйных правоў, такіх як права на выбары, права на свабоду думкі, права на масавыя мерапрыемствы», — напісаў Абрамовіч у заяве.

Буйныя расейскія нафтавыя кампаніі з пачатку траўня не пастаўляюць нафту на наваполацкае прадпрыемства. Трубаправодныя пастаўкі нафты з РФ на НПЗ Беларусі, ня толькі на «Нафтан», але і на Мазырскі НПЗ, у траўні былі заплянаваныя ва ўдвая меншым абʼёме, чым у красавіку. «Нафтан» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, як і шэраг іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG