Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы зможам законна баставаць». Як на «Гродна Азоце» звальняюць сябраў незалежнага прафсаюзу


«Гродна Азот»

«Мы зможам законна баставаць». Як на «Гродна Азоце» звальняюць сябраў незалежнага прафсаюзу

На «Гродна Азоце» не працягваюць кантракт работнікам, якія ўваходзяць у склад Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП). Якія ўмовы ставяць людзям, каб яны маглі застацца на працы, і як прафсаюз плянуе супрацьстаяць звальненьням?

Старшыня незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» Андрэй Ханевіч расказаў, што кантракт не працягнулі ўжо прынамсі 8 спэцыялістам, якія ўваходзяць у незалежны прафсаюз: двум работнікам з «Хімвалакна» і шасьці — уласна з «Гродна Азоту». У некаторых зь іх стаж працы — больш за 10–15 гадоў. Вядома толькі пра аднаго работніка, якому не працягваюць кантракт і які пры гэтым не ўваходзіць у незалежны прафсаюз.

Як ананімна расказала крыніца, якая ведае сытуацыю на прадпрыемстве, аднаму са звольненых патлумачылі, што ён уваходзіць у БНП, да таго ж удзельнічаў у мітынгах, а значыць, «ён нядобранадзейны работнік».

Яшчэ адзін работнік «Гродна Азоту» ананімна расказаў, што некаторым людзям не працягвалі кантракт без тлумачэньняў. Перад іншымі ставілі ўмовы працягненьня кантракту: выйсьці зь незалежнага прафсаюзу, а таксама — напісаць артыкул у афіцыйную газэту прадпрыемства «Гродненский химик», што незалежны прафсаюз не прыносіць карысьці.

БНП хоча адкрыць працоўную спрэчку аб тым, што не выконваецца пункт калектыўнай дамовы аб рацыянальным выкарыстаньні кадраў.

«Спэцыялістаў звальняюць, на іх месца або нікога не бяруць увогуле, або бяруць некваліфікаваных, якіх трэба рыхтаваць доўгія гады. Гэтым яны падвяргаюць прадпрыемства небясьпецы», — кажа Ханевіч.

Каб адкрыць працоўную спрэчку, яе павінна падтрымаць большасьць сябраў БНП «Азоту». Гэта складаная працэдура. Яна пачынаецца на заводзе, потым можа вырашацца праз суд.

«Калі мы пройдзем усе працэдуры, мы атрымаем права па законе сысьці ў забастоўку», — тлумачыць старшыня незалежнага прафсаюзу на «Азоце».

Незалежны прафсаюз ужо накіраваў паперы дырэктару заводу Ігару Ляшэнку, у пракуратуру, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і ў канцэрн «Белнафтахім», што наймальнік парушае калектыўную дамову і ставіць прадпрыемства пад рызыку.

«Начальнікі пішуць дакладныя, кажуць, што ў іх і так не хапае людзей, а вы хочаце яшчэ людзей забраць. Ім ніхто не адказвае, кажуць, гэта нашае рашэньне», — расказвае Ханевіч.

Колькасьць сябраў незалежнага прафсаюзу на «Гродна Азоце» пачала імкліва расьці са жніўня мінулага году, з 20 чалавек дайшла больш як да 500. Цяпер з БНП выйшлі больш за 40 чалавек, зь іх 26 з «Хімвалакна», якое ўваходзіць у склад «Азоту».

Як пратэставалі «азотаўцы»

Работнікі «Гродна Азоту» падтрымалі пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тысячы працоўных хацелі страйкаваць у адказ на гвалт над мірнымі жыхарамі і фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Тысячы «азотаўцаў» у калёне далучаліся да горадзенскіх маршаў пратэсту.

Масавы страйк на заводзе «здушылі», лідэр страйкаму Юры Рававы выехаў ад перасьледу за мяжу.

26 кастрычніка 2020 году «азотаўцы» зноў далучыліся да нацыянальнага страйку, які абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская. У першы дзень больш за 30 работнікаў на прахадной жорстка затрымаў АМАП. Некалькі дзён частка зьменнага пэрсаналу не пераймала свае зьмены, каб вымусіць кіраўніцтва спыніць вытворчасьць. Аднак іншыя спэцыялісты працавалі па 36 гадзін, на працу ўзялі стажораў, штрэйкбрэхераў, вярнулі пэнсіянэраў, каб завод працягваў працаваць. Дзень прастою на «Гродна Азоце» — тысячы эўра стратаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG