Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня


Кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Новай Зэляндыі Наная Махута

Уезд на тэрыторыю Новай Зэляндыі забаронены для асобаў, зьвязаных з рэжымам у Менску.

Як паведамляецца на сайце новазэляндзкага ўраду, забарона распаўсюджваецца больш як на паўсотні чалавек, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, ключавых чальцоў ягонай адміністрацыі, выбарчую камісію і сілавікоў.

«Новая Зэляндыя ясна дала зразумець, што дзеяньні рэжыму Лукашэнкі непрымальныя, — заявіла міністарка замежных спраў краіны Наная Махута. — Мы далучаемся да нашых партнэраў, каб прадухіліць выдачу візаў пэўным асобам, якія маюць дачыненьне да гэтых злоўжываньняў».

Паводле кіраўніцы замежнапалітычнага ведамства, уведзеная забарона не дазволіць асобам з санкцыйнага сьпісу атрымліваць візы для ўезду ў Новую Зэляндыю або транзыту празь яе тэрыторыю. Сьпіс будзе рэгулярна пераглядацца.

«Мы працягваем заклікаць Беларусь да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў і захаваньня стандартаў правоў чалавека», — падкрэсьліла Наная Махута.

Яна таксама выказала сур’ёзную заклапочанасьць у сувязі з прымусовай пасадкай 23 траўня самалёту Ryanair і арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і студэнткі Соф’і Сапегі. Новая Зэляндыя вітае пачатак расьсьледаваньня гэтага інцыдэнту Міжнароднай арганізацыяй цывільнай авіяцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG