Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ зьвярнулася ў МУС і Міністэрства здароўя з просьбай шпіталізаваць палітвязьня Анджэя Пачобута


Андрэй Пачобут, архіўнае фота.

«Анджэй Пачобут мае захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы. Захворваньне каранавірусам у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца, ставіць пад пагрозу захаваньне здароўя і нават жыцьцё Анджэя», — піша БАЖ.

Зварот з просьбаю шпіталізаваць палітвязьня, журналіста Анджэя Пачобута, які ў турме захварэў на COVID-19, а да таго мае праблемы з сэрцам, накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС і яго структурныя падразьдзяленьні — упраўленьне па Менску і Менскай вобласьці, у турму № 8 у Жодзіне, дзе ўтрымліваюць журналіста.

«Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома аб тым, што сябра арганізацыі Анджэй Пачобут, які знаходзіцца пад вартай у труме № 8, не атрымлівае вельмі неабходнай яму мэдыцынскай дапамогі. Сродкі масавай інфармацыі і родныя Анджэя паведамляюць, што ён захварэў на COVID-19, але працягвае знаходзіцца ў перапоўненай камэры з дванаццацьцю іншымі падсьледнымі, — піша БАЖ у звароце.

Анджэй Пачобут мае захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы. Захворваньне каранавірусам у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца (у тым ліку абмежаваньні сядзець або ляжаць у камэры ўдзень), ставіць пад пагрозу захаваньне здароўя і нават жыцьцё Анджэя. Просім неадкладна шпіталізаваць Анджэя Пачобута і забясьпечыць яму неабходную мэдыцынскую дапамогу. Зьвяртаем увагу на абсалютную неадпаведнасьць самым мінімальным мэдыцынскім і прававым патрабаваньням умоў утрыманьня ў сьледчых ізалятарах асобаў, віна якіх нават не ўстаноўлена судом. Гэта яшчэ больш недапушчальна ў пэрыяд пандэміі, паколькі падрываецца здароўе людзей, ставіцца пад пагрозу іх жыцьцё».

Анджэй Пачобут у жодзінскім СІЗА захварэў на каранавірус. Некалькі дзён таму ён здолеў перадаць гэтую навіну празь іншых арыштантаў.

Па словах жонкі, Анджэй адчувае сябе слаба, кашляе, губляе сілы, але ня можа разьлічваць на мэдычную дапамогу, бо ў СІЗА няма амбуляторыі або бальнічнай палаты. Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязьня, бо ў яго хворае сэрца, зьбіваецца рытм. Раней ён часта траціў прытомнасьць.

Жонка ведае, што Пачобут цяпер знаходзіцца ў перапоўненай камэры, дзе сядзяць 13 чалавек. Там душна, не хапае паветра, ёсьць вошы. Аксана мяркуе, што стан Анджэя можа пагоршыцца ад сьпёкі, якая кепска ўплывае на людзей з хваробамі сэрца.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG