Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка журналіста Анджэя Пачобута: «Яму неадкладна патрэбная шпіталізацыя»


Агджэй Пачобут, архіўнае фота
Агджэй Пачобут, архіўнае фота

Аксана Пачобут, жонка зьняволенага журналіста Анджэя Пачобута, які праходзіць у «польскай справе», перакананая, што мужу неадкладна патрэбна легчы ў шпіталь.

Пра гэта яна расказала парталу Kresy24.pl.

Пачобут у жодзінскім СІЗА захварэў на каранавірус. Некалькі дзён таму ён здолеў перадаць гэтую навіну праз іншых арыштантаў.

Па словах жонкі, Анджэй адчувае сябе слаба, кашляе, губляе сілы, але ня можа разьлічваць на мэдычную дапамогу, бо ў СІЗА няма амбуляторыі або бальнічнай палаты. Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязьня, бо ў яго хворае сэрца, зьбіваецца рытм. Раней ён часта губляў прытомнасьць.

Жонка ведае, што Пачобут цяпер знаходзіцца ў перапоўненай камэры, дзе сядзяць 13 чалавек. Там душна, не хапае паветра, ёсьць вошы. Аксана мяркуе, што стан Анджэя можа пагоршыцца ад сьпёкі, якая кепска ўплывае на людзей з захворваньнямі сэрца.

Адміністрацыя СІЗА ў якасьці выключэньня дазволіла Пачобуту ляжаць на нарах 2 гадзіны ў дзень. Увесь астатні час удзень ён мусіць або стаяць, або хадзіць. Неаднаразова вязьні паведамлялі, што для «палітычных» стварылі асаблівыя ўмовы зьняволеньня: ім нельга сядзець або ляжаць з 6:00 да 22:00.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Сяброў незарэгістраванага СПБ Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву, якія праходзяць у гэтай жа справе, у траўні вызвалілі зь СІЗА ўзамен на выезд з краіны. Яны застаюцца абвінавачанымі, цяпер жывуць у Польшчы. У няволі ў гэтай справе застаюцца толькі Пачобут і Борыс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG