Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 16 чэрвеня: затрымалі лекарку і банкіра, абшукалі дом прафсаюзнага лідэра

абноўлена

АМАП у Менску, сакавік 2021 году.
АМАП у Менску, сакавік 2021 году.

Свабода працягвае сачыць за перасьледам удзельнікаў пратэстаў і іншых грамадзян Беларусі, які не спыняюць сілавікі. Артыкул абнаўляецца.

Затрымалі стаматоляга нібыта за абразы

Тэлеграм-каналу «Белые халаты. News» стала вядома, што напярэдадні ў Менску міліцыя затрымала на 72 гадзіны Эліну Новік, стаматоляга-хірурга. Яе дапытвалі ў Цэнтральным РРУС Менска. У Эліны тры непаўналетнія сыны. Яна родам з Грэску Слуцкага раёну. Яна вядомы спэцыяліст у сваёй галіне, прыём пацыентаў вядзе па-беларуску.

Мяркуецца, яна праходзіць падазраванай у справе аб «абразе службовай асобы» ў сацыяльных сетках, але ніякіх падрабязнасьцяў цяпер няма.

Эліна Новік са Случчыны. Яна вядомы спэцыяліст у сваёй галіне, прыём пацыентаў вядзе па-беларуску.

Ператрус у прафсаюзнага лідэра Быкава

У прыватным доме намесьніка старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Генадзя Быкава правялі ператрус супрацоўнікі Менскага ГАУС. Трое ў цывільным зайшлі ў дом і прад’явілі пастанову на правядзеньне ператрусу, паведаміўшы, што Быкаў праходзіць у статусе сьведкі ў справе аб незаконных масавых мерапрыемствах.

Ператрус трываў 3 гадзіны, сілавікі канфіскавалі сьцягі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама дакумэнтацыю СПБ за 2002 год.

Генадзю паведамілі, што забіраюць яго з сабой, але калі намесьнік старшыні СПБ ужо сабраў сумку ў паездку, раптам паведамілі, што атрымалі распараджэньне не затрымліваць яго.

Генадзь Быкаў узначальваў СПБ у пэрыяд 1991-96 і зь 1999 па 2006 гг. Цяпер працуе намесьнікам старшыні па Менскай вобласьці. У кіраўніцтве СПБ ператрус у Быкава зьвязваюць зь нядаўнім выступам міністра працы Касьцевіч, якая на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы заявіла, што незалежныя прафсаюзы дзейнічаюць супраць інтарэсаў дзяржавы і народа.

Затрыманьне супрацоўніка банку

У Менску затрымалі супрацоўніка банку, які нібыта перадаваў у адзін з тэлеграм-каналаў асабістыя дадзеныя дзяржаўных службоўцаў. Адзначаецца, што раней затрыманы працаваў у «праваахоўных структурах, піша агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Мужчыну 44 гады, ён працуе вядучым спэцыялістам у эканамічнай бясьпецы аднаго з камэрцыйных банкаў. Перад звальненьнем ён нібыта сабраў і перадаў зьвесткі пра супрацоўнікаў ДФР, Сьледчага камітэту, пракуратуры, іншых сілавых і грамадзянскіх структураў. У перададзенай інфармацыі ўтрымліваліся прозьвішчы, імёны супрацоўнікаў, іх адрасы пражываньня, назвы пасад, спэцыяльных званьняў, нумары службовых і асабістых мабільных тэлефонаў.

У Ваўкавыску затрымалі 69-гадовую жанчыну

Да Галіны Міхальчук сёньня прыехалі два супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілі без нумароў і затрымалі яе. Жанчыну павезьлі ў Менск. Пры гэтым дома ў яе не праводзілі ператрус, спаслаўшыся на узрост жанчыны — яна 1952 году нараджэньня. Блізкім паведамілі, што яе «вязуць на гутарку па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады)». Цяпер месцазнаходжаньне жанчыны невядомае, паведамляе «Вясна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG