Як перадае БелТА са спасылкай на віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку, найбольш масавымі навучальнымі прадметамі цэнтралізаванага тэставаньня застаюцца расейская мова (больш за 50 тысяч чалавек) і матэматыка (блізу 32 тысяч). Для камфорту абітурыентаў здача тэстаў разьмеркаваная на 2 дні па кожным з прадметаў.
Сярод навацый уступнай кампаніі — павелічэньне колькасьці адменаў памылковых кароткіх адказаў на тэставае заданьне ў частцы В (з 2 да 4 памылковых адказаў); забарона на ўнясеньне зьмены ў блянк адказаў пасьля заканчэньня часу на выкананьне тэсту; выдача сэртыфікатаў цэнтралізаванага тэставання з 16 ліпеня пры абавязковым прад’яўленьні дакумэнта аб адукацыі.
Тым часам больш за 150 работнікаў Камітэту дзяржаўнага кантролю сочаць за парадкам на ўсіх этапах уступнай кампаніі: тэставаньне, прыём дакумэнтаў, правядзеньне ўнутраных уступных выпрабаваньняў, залічэньне абітурыентаў у склад студэнтаў, навучэнцаў.
Па словах намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня кантролю бюджэтна-фінансавай сфэры КДК Віктара Бурло, на ЦТ па беларускай мове задзейнічана звыш 50 работнікаў ведамства, якія працуюць у 682 аўдыторыях. Зроблена ўсё, каб блянкі адказаў і тэставых заданьняў трапілі ў рукі арганізацыйных камісій некранутымі.
Прадстаўнік КДК падкрэсьліў, што пропуск магчымы толькі з арыгіналам дакумэнту, які сьведчыць асобу. Ніякіх шпаргалак, мабільных тэлефонаў — кантралёры сочаць, каб абітурыенты не скарысталіся дадатковымі носьбітамі інфармацыі.