Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удаве Тарайкоўскага падатковая інспэкцыя выставіла падатак за ахвяраваньні на 4,5 тысячы даляраў


Мэмарыял Аляксандра Тарайкоўскага на месцы ягонай гібелі. Менск, 22 жніўня 2020. Пазьней улады яго зьнішчылі

Крымінальнай справы па факце забойства Аляксандра Тарайкоўскага падчас разгону пратэстаў у жніўні 2020 году не завялі.

Падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менска палічыла, што дабрачынная і бязвыплатная дапамога неабыякавых людзей сям’і забітага 10 жніўня 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага зьяўляецца асабістым прыбыткам ягонай удавы за 2020 год.

«Калі Саша загінуў, людзі з розных краін, у тым ліку і нашы суайчыньнікі, сталі пералічваць грашовыя сродкі на мой банкаўскі рахунак, — успамінае Алена ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасьці».

Падаходны падатак склаў 11001,63 беларускіх рубля (4 435 даляраў). Гэтую суму Алена Герман мусіла заплаціць да 1 чэрвеня. З гэтага дня штодня налічваецца пеня.

Алена Герман — удава Аляксандра Тарайкоўскага. Хоць шлюб ня быў зарэгістраваны афіцыйна, яны жылі як сямʼя і разам гадавалі дзяцей — Дарʼю, старэйшую дачку Алены ад першага шлюбу, і агульную дачку Насьцю.

Сама Алена не прасіла аб дапамозе:

«Пасьля гібелі Сашы мяне за руку адвялі ў банк і дапамаглі адкрыць рахунак».

Яна прызнаецца, што вельмі ўдзячная людзям, якія падтрымалі яе і дзяцей у цяжкай фінансавай сытуацыі. Алена лічыць несправядлівым плаціць падатак з дапамогі, якую аказалі неабыякавыя людзі:

«Мой муж працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. Тое, што ён зарабляў, было для нас асноўнай крыніцай існаваньня. Я бачыла раздрукоўку рахунку: кожны пералічваў, колькі мог, хто па пяць рублёў... Людзі зарабілі гэтыя грошы, ніхто ім ня даў проста так».

Алена падрыхтавала зварот у Менгарвыканкам і Менскі гарадзкі савет дэпутатаў з просьбай вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку, паколькі гэта пагоршыць матэрыяльны стан яе сямʼі.

У звароце ўдава Аляксандра Тарайкоўскага спасылаецца на тое, што ў сувязі з адмовай у завядзеньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія забілі яе мужа, яна ня можа прадʼявіць ім грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі шкоды ў сувязі са стратай карміцеля.

Дачцэ Аляксандра Тарайкоўскага ў траўні споўнілася чатыры гады.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG