Тэлеграм-канал «Вясны» публікуе расповед Ільлі (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі).
Загадалі ўсім членам сям’і ўзяць з сабой у РУУС тэлефоны
У канцы траўня ўвечары дадому да сямʼі Ільлі прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі і «прапанавалі зьняць „пратэстную сымболіку“ з вокнаў». Сямʼя хлопца адразу зрабіла гэта. Але праз пару гадзін да іх пагрукаліся ўжо новыя супрацоўнікі, і сказалі, што ім паступіў загад затрымаць усіх, хто знаходзіцца ў кватэры, а пры адмове праехаць зь імі «будзе толькі горш». У размове па тэлефоне адзін з супрацоўнікаў, аглядаючы кватэру, паведаміў камусьці, што «жывуць яны нядрэнна». Пры гэтым, супрацоўнікі загадалі ўсім членам сямʼі ўзяць з сабой у РУУС тэлефоны.
У Фрунзенскім РУУСе Ільлю запрасілі ў кабінэт на размову з начальнікам аддзела аховы Фрунзенскага РУУСа Аўсеенкам Максімам Сяргеевічам. Старэйшы лейтэнант міліцыі стаў «правяраць» тэлефон Ільлі на наяўнасьць telegram, але ў хлопца ён быў схаваны, таму Ільля сказаў, што яго няма. Праз нейкі час Аўсеенка ўсё ж такі знайшоў прыладу:
«У гэты момант ён закрычаў: „Э, б***ь, ён спрабаваў мяне н*****ь! Гэты д*****б паспрабаваў падмануць падманшчыкаў! Ды ты цяпер у космас паляціш!“ »
Пасьля гэтага Ільлю адправілі да міліцыянта, якога, па словах хлопца, клікалі Серж. Яго задачай было складаньне пратаколу, але ён таксама цікавіўся, ці не зьяўляецца Ільля адміністратарам telegram-каналаў:
«Серж даў мне на подпіс пратакол, у якім быў пазначаны артыкул 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Ён мне патлумачыў, што ў мяне ўжо ёсьць парушэньне па артыкуле 24.23 КаАП, таму па ёй мне пагражае 30 сутак, але, каб мяне не пасадзілі на такі тэрмін, мне напісалі дробнае хуліганства. У тэксьце пратаколу было сказана, што я „лаяўся матам, паводзіў сябе агрэсіўна, кідаўся са стала пісьмовымі прыладамі, на заўвагі не рэагаваў“. Пры гэтым раскладзе справаў мне абяцалі максымум папярэджаньне. Потым да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што мой тэлефон выдаляюць з вопісу і яго потым можна будзе забраць».
«Ведаеш, што гэта такое? Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура і гэты пах?»
Пасьля падпісаньня пратаколу Ільлю зноў чакала сустрэча са старшым лейтэнантам Аўсеенкам:
«Пазьней мяне зноў паклікаў Аўсеенка і пачаў запытвацца, ці няма ў мяне яшчэ чаго-небудзь схаванага. Я ўсё адмаўляў. Тады мяне пасадзілі на крэсла, а ён дастаў электрашокер і пачаў пагражаць ім, пры гэтым, моцна ўтрымліваючы мяне адной рукой і ўключаючы электрашокер побач са мной. Падчас гэтага ён неаднаразова крычаў: «Б***ь, с**а, я цябе яшчэ раз пытаюся, ці няма ў цябе прылады для рассыланьня? Мамай кляніся, што няма!». Гэта працягвалася некалькі хвілін. Пасьля гэтага ён дастаў белую каністру, на дне якой плёскалася вадкасьць. Ён сказаў: «Ведаеш, што гэта такое? Гэта кіслата. Ты калі-небудзь адчуваў, як плавіцца скура і гэты пах?» І пачаў біць ёю мяне па галаве. Але пасьля некалькіх удараў па боку галавы, ён спытаў, як маё самаадчуваньне, на што я адказаў, што ў мяне шуміць у галаве, і тады ён задаволены паставіў каністру на месца. Пасьля гэтага Аўсеенка ўзяў іржавую сякеру і сказаў, што гэта яна ў крыві, на што я адказаў: «Дык яна проста іржавая». Ён стаяў у дзьвюх мэтрах ад мяне, а потым пачаў ёю размахваць і рабіць замах так, быццам ён цяпер у мяне яе запусьціць. Крыху пазьней ён даў мне па галаве некалькі «фофанаў» і зьдзівіўся таму, што я ўжо ніяк не рэагаваў на гэта, і сказаў: «„Б***ь, ды ты крэмень!“. А далей ён выйшаў і сказаў: „Ну што, Серж, паверым яму?“
«У Фрунзенскім РУУСе было заплянавана прафіляктычнае мерапрыемства»
Далей Ільлю чакаў „пераезд“ у ІЧУ на Акрэсьціна. У камэры было шэсьць чалавек на тры ложкі. Спалі ўсе без матрацаў і з пастаянна ўключаным сьвятлом. У камэры, па словах хлопца, было вельмі холадна. На наступны дзень пасьля абеду яго адвялі ў пакой для допытаў, дзе па skype над маладым чалавекам прайшоў суд. У рапарце міліцыянта было сказана, што «у Фрунзенскім РУУСе было заплянавана прафіляктычнае мерапрыемства з грамадзянамі з мэтай недапушчальнасьці іх удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, падчас якога Ільля паводзіў сябе агрэсіўна і абуральна, гучна крычаў, скінуў са стала пісьмовыя прыналежнасьці, на заўвагі не рэагаваў». Судзьдзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна асудзіла Ільлю на 13 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Перад сном усе слухалі казкі з «1000 і 1 ноч», якія на памяць распавядаў дызайнэр Ян
Пасьля суда Ільлю перавялі ў ЦІП на Акрэсьціна, дзе ён заставаўся да канца свайго тэрміну. Першапачаткова хлопец суткі сядзеў у камэры № 5 з чатырма мужчынамі, двое зь якіх былі тэхнічнымі работнікамі студыі «Белсат». На наступны дзень пасьля абеду Ільлю і гэтых дваіх хлопцаў перавялі ў аднамесную камэру № 6, плошча якой склала 7,5 мэтраў квадратных.
Ільля таксама распавёў, што ў кожную камэру, дзе сядзяць «палітычныя», падсялялі бяздомных, пасьля якіх у некаторых зьняволеных зьяўляліся вошы. У камэры зь ім сядзеў таксама бяздомны Аляксандр Кутас. За палітычныя перакананьні ён адседзеў ужо каля 100 сутак, а ў чэрвені на Акрэсьціна адсьвяткаваў сваё 59-годдзе.
Сукамэрнікі дзяліліся адзін з адным цікавымі гісторыямі свайго жыцьця, гулялі ў «мафію», «банку» і «ёсьць кантакт». Гэтак жа Ільля распавёў, што заўсёды сядзеў з цікавымі і адукаванымі сукамэрнікамі, якія дзяліліся ведамі па іх спэцыяльнасьці: яны распавядалі адзін аднаму і пра стратнасьць прадпрыемстваў Ленінскага раёну, і пра гісторыю Беларусі, і пра прынцыпы працы альгарытмаў у праграмаваньні, а перад сном усе слухалі казкі з «1000 і 1 ночы», якія на памяць распавядаў дызайнэр Ян з чатырма вышэйшымі адукацыямі.
«Для зручнасьці я падкладваў туфлі пад галаву»
«У нас было пяць праверак у дзень: у 9:00, у 16:00, у 20:00 і дзьве „пераклічкі“ у 2:00 і ў 4:00. Спалі мы на кафлянай падлозе. Для зручнасьці я падкладаў туфлі пад галаву і падсьцілаў пінжак так, каб не адмарозіць сьпіну. Днём у камэры было душна, бо вокны былі зачыненыя. Кожны дзень падчас ранішняй праверкі нам на падлогу разьлівалі вядро з хлёркай, якую мы зьбіралі анучамі ў сьмецьцевае вядро і вылівалі ў прыбіральню для таго, каб яе таксама трымаць у чысьціні. Над гэтым жа вядром мылі і посуд. Праз некалькі дзён нам прынесьлі два кавалкі мыла. Пасьля таго, як мы „зьбіралі“ хлёрку з падлогі, мы пачыналі махаць верхняй вопраткай, каб падлога хутчэй высахла і было ня так душна», — распавёў Ільля.
У адзін зь дзён да хлопца для гутаркі прыйшоў участковы з Фрунзенскага РУУСа і спытаў, як яму «тут сядзіцца», а потым патлумачыў, што нягледзячы на той артыкул, які яму паставілі ў віну, яны «усё выдатна разумеюць, што сядзіць Ільля за пікет». А потым участковы дадаў, што «да Новага году яны перасаджаюць усіх, да каго дацягнуцца, а калі на хлопца знойдуць яшчэ што-небудзь, то і яго ў тым ліку».
«Па сьценах цякла вада»
У камэры № 6 Ільля прабыў шэсьць начэй. Потым яго перавялі ў камэру «лепш за тую»: было чатыры ложкі на 10 мэтраў квадратных і ракавіна з гарачай вадой. Там ён змог памыцца і памыць рэчы. Але праз пару гадзін у камэру прывялі яшчэ некалькі чалавек, дзе, у выніку, на чатыры ложкі было 17 чалавек:
«У нас былі зачыненыя вокны, таму цяжэй рабілася з кожнай хвілінай. Мы клаліся спаць наступным чынам: самых „вялікіх“ разьмясьцілі па ложках, пад ложкамі ляжалі па два чалавекі, два чалавекі пад сталом, па чалавеку на лаўку, адзін пад дзьвярыма, адзін пад ракавінай і тыя, што засталіся ў цэнтры, а я спаў паміж лаўкай і батарэяй, прама пад акном. У камэры была настолькі высокая вільготнасьць, што па сьценах цякла вада, візір у дзеверы цалкам запацеў, па дзьверы сьцякалі ручаі, а з верху капала вада. Празь некаторы час адзін мужчына пачаў ціснуць на кнопку і патрабаваць адкрыць акно. Ахова сказала, што акно адкрыюць пасьля абеду, але пакінулі нам адкрытую „кармушку“. Пасьля абеду нам нарэшце адкрылі акно і я ўпершыню ў камэры ўдыхнуў сьвежага паветру».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў