Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Вялікай сямёркі» завяршыўся. Што сказалі пра Беларусь


Лідэры G7 у Корнўале, 11 чэрвеня 2021
Лідэры G7 у Корнўале, 11 чэрвеня 2021

Лідэры G7 заклікалі ўлады Беларусі правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары, а таксама заявілі, што будуць супрацоўнічаць у пытаньні прыцягненьня да адказнасьці асобаў, датычных да прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску.

У Корнўале ў Вялікай Брытаніі 13 чэрвеня завяршыўся трохдзённы саміт «Вялікай сямёркі» (G7) — групы найбуйнейшых індустрыяльна разьвітых дэмакратый сьвету.

Сытуацыя ў Беларусі стала адной з тэм пасяджэньня ў пытаньнях зьнешняй палітыкі.

Лідэры G7 заклікалі ўлады Беларусі правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары пад міжнародным назіраньнем. «Мы глыбока занепакоеныя палітычным крызісам і крызісам у галіне правоў чалавека пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году», – гаворыцца ў камюніке.

G7 заклікаў вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць парушэньні правоў чалавека, а таксама весьці канструктыўны дыялёг з усімі групамі грамадзтва, у тым ліку зь лідэрамі апазыцыі. «Мы заклікаем рэжым зьмяніць курс і выканаць рэкамэндацыі незалежнай экспэртнай місіі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) у рамках Маскоўскага мэханізму, уступіць у зьмястоўны дыялёг з усімі пластамі грамадзтва і правесьці новыя свабодныя і справядлівыя выбары».

Краіны G7 «падтрымліваюць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу», гаворыцца ў паведамленьні саміту «вялікай сямёркі».

Лідэры G7 таксама заявілі, што будуць супрацоўнічаць, каб прыцягнуць да адказнасьці асобаў, датычных да прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску.

«Мы ўсе вельмі занепакоеныя сытуацыяй у Беларусі. ЭЗ распачаў хуткія і рашучыя дзеяньні, каб увесьці новыя санкцыі. Супрацоўніцтва G7 павысіць эфэктыўнасьць гэтых санкцый», — напісала прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен у «Твітэры».

Яна таксама нагадала, што ЭЗ працуе над інвэстыцыйным плянам падтрымкі «будучай дэмакратычнай Беларусі» ў памеры 3 млрд эўраў.

  • Адной з галоўных тэмаў саміту стала барацьба з пандэміяй. Лідэры «сямёркі» паабяцалі бясплатна вылучыць краінам, якія разьвіваюцца, ня менш за 1 мільярд доз вакцынаў, палову зь іх дасьць Амэрыка.
  • З ініцыятывы ЗША лідэры дамовіліся аб падтрымцы будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры ў краінах, якія разьвіваюцца, каб скласьці канкурэнцыю аналягічнай кітайскай праграме. Гэта ўжо выклікала незадаволенасьць у Пэкіне — МЗС Кітаю заявіў, што «маленькая група краінаў» не павінна «дыктаваць глябальныя рашэньні».

  • Тэма супрацьстаяньня пагрозам з боку Расеі і пошукаў шляхоў супрацоўніцтва зь ёю падымалася на двухбаковых сустрэчах прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна зь лідэрамі «сямёркі», у прыватнасьці з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. Абмяркоўваўся газаправод «Паўночны паток — 2», збудаваньне якога Нямеччына падтрымлівае, а ЗША крытыкуюць. Як для Бэрліну, так і для Вашынгтону вельмі важна, каб транзыт прыроднага газу з Расеі праз Украіну захаваўся і пасьля запуску газаправоду, — сказала пасьля сустрэчы Мэркель.
  • Лідэры G7 пацьвердзілі падтрымку «нармандзкага фармату» ва ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
  • А таксама выказалі намер да 2050 году скараціць шкодныя выкіды ў атмсасфэру да нуля

У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Нямеччына, ЗША, Італія, Канада, Францыя і Японія. Гэта была першая сустрэча лідэраў больш чым за год — перапынак быў выкліканы пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG