Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна vs УЭФА: на форме зборнай краіны па футболе надпіс «Героям Слава!» дапоўняць іншай сымболікай


Элемэнт формы зборнай Украіны па футболе

Кіраўнік Украінскай асацыяцыі футболу Андрэй Павелка заявіў пра «пераможны кампраміс», дасягнуты на перамовах з Эўрапейскай асацыяцыяй футбольных фэдэрацый наконт формы, у якой зборная Ўкраіны будзе выступаць на чэмпіянаце Эўропы па футболе.

«На пэрыяд правядзеньня матчаў турніру да раней зацьверджанага дызайну формы, на ўнутраным баку футболак, будзе дададзены яшчэ адзін элемэнт. Гэта зацьверджаная раніцай выканкамам Украінскай асацыяцыі футболу вялікая эмблема нацыянальных зборных з мапай Украіны, Трызубам ды яшчэ адным надпісам „Слава Ўкраіне!“. Лёзунг „Героям Слава!“ будзе разьмешчаны за мапай, у цэнтры абрысаў межаў адзінай Украіны, і веру, што ён будзе сапраўдным абярэгам для нашых хлопцаў», — напісаў Андрэй Павелка па выніках сваіх перамоваў з УЭФА.


Кіраўнік Украінскай асацыяцыі футболу Андрэй Павелка прызнаўся, што перамовы былі надзвычай складаныя і некалькі разоў заходзілі ў тупік.

«Футбол — гульня мільёнаў, якая аб’ядноўвае і натхняе. А кожная каманда сьвету мае гарантаванае права папулярызаваць афіцыйныя футбольныя сымбалі сваёй краіны», — перакананы Андрэй Павелка.

10 чэрвеня стала вядома, што УЭФА перад чэмпіянатам Эўропы абавязала зборную Ўкраіны прыбраць з формы патрыятычны лёзунг «Героям слава!». Такое рашэньне было прынята з ініцыятывы Расейскага футбольнага саюзу (РФС).

11 чэрвеня выканкам Украінскай футбольнай асацыяцыі зацьвердзіў афіцыйны футбольны статус лёзунгаў «Слава Ўкраіне!» і «Героям слава!».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG