Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта ведаць пра футбольны чэмпіянат Эўропы


Бухарэст. Ілюстрацыйнае фота.

11 чэрвеня стартуе футбольны чэмпіянат Эўропы. Сабралі адказы на папулярныя пытаньні пра галоўную спартовую падзею Эўропы гэтага году.

Чаму чэмпіянат мае назву «Эўра-2020», калі ён праходзіць у 2021 годзе?

Першапачаткова турнір меўся прайсьці ў 2020 годзе, аднак праз пандэмію, менш як за тры месяцы да пачатку чэмпіянату, яго перанесьлі на год. Да таго часу ўжо быў прадстаўлены лягатып Эўра, выпускалася фірмовая атрыбутыка зь ім. З гэтай прычыны арганізатары турніру вырашылі не пераназываць чэмпіянат. Гэтаксама зрабілі арганізатары Алімпійскіх гульняў: там таксама захавалі ў назьве лічбу 2020.

Упершыню чэмпіянат Эўропы гуляецца па ўсім кантынэнце. Чаму так і якія гарады праводзяць турнір?

Капэнгаген.
Капэнгаген.

У гонар 60-годзьдзя турніру яго арганізатары вырашылі правесьці чэмпіянат у розных частках Эўропы, а не ў адной-дзьвюх краінах, як раней. Заяўкі падавалі амаль усе буйныя гарады Эўропы (нават Менск). У выніку першапачаткова абралі 12 гарадоў: Лёндан (там пройдзе і фінал), Дублін, Глазга, Більбао, Амстэрдам, Мюнхэн, Рым, Капэнгаген, Будапэшт, Санкт-Пецярбург, Бухарэст і Баку. Аднак праз пандэмію Дублін адмовіўся ад удзелу ў Эўра, а замест Більбао матчы ў Гішпаніі прыме Сэвільля.

Пандэмія ня скончылася. Заўзятараў пусьцяць на стадыён?

Так, усе гульні абяцаюць правесьці з гледачамі, але і будуць і пустыя месцы. Усе гарады, апроч Будапэшту, абмежавалі напаўняльнасьць стадыёну (на 22–50%). На ўсіх стадыёнах дзейнічае масачны рэжым. Беларусам прасьцей за ўсё трапіць у Санкт-Пецярбург, зь ім ёсьць прамыя авіязносіны зь Менску, і там пры ўваходзе на стадыён не патрабуюць тэст на COVID-19. У астатнія гарады грамадзянам Беларусі трапіць даволі складана, бо ёсьць эпідэміялягічныя абмежаваньні, а прамых авіязносін няма.

Якія каманды згуляюць на Эўра?

На Чэмпіянат трапілі 24 эўрапейскія зборныя. Упершыню на чэмпіянаце Эўропы ўвялі квоты для ня самых тытулаваных зборных. Праз гэта ўпершыню на чэмпіянат трапіла зборная Паўночнай Македоніі. Дарэчы, замест яе якраз магла быць Беларусь, але прайграла кваліфікацыйныя матчы. Зь іншага боку, на Эўра мы не пабачым зборнай Ісьляндыі, якая моцна прагрымела ў 2016-м годзе, і даволі пэрспэктыўнай зборнай Нарвэгіі.

Хто фаварыты?

Букмэкеры ставяць на чэмпіёнаў сьвету — французаў. Таксама ўсё яшчэ адзначаюць ужо немаладое «залатое пакаленьне» бэльгійцаў, якія ўжо апошнія 5 гадоў трапляюць у фаварыты. І на ангельцаў, якія маюць адну з самых маладых атакуючых ліній на Эўра (нават выклікалі ў зборную 17-гадовага Джуда Бэлінгема). Ня варта сьпісваць з рахунку дзейных чэмпіёнаў Эўропы — Партугалію, а таксама Італію, Гішпанію і Нямеччыну. «Цёмным конікам» можа стаць зборная Нідэрляндаў, якая апошнім часам моцна абнавілася.

Хто з суседак Беларусі гуляе на Эўра?

Польшча, Украіна і Расея. Зборная Польшчы перш за ўсё вядомая сваім капітанам Робэртам Левандоўскім, які сёлета атрымаў «Залатую буцу». Таксама за Польшчу выступаюць даволі вядомыя гульцы ў Англіі: абаронца Ян Бэднарэк і паўабаронца Матэвуш Кліх. Зборная Ўкраіны, імаверна, усё ж такі будзе гуляць у майках з надпісам «Героям слава!», бо гэты лёзунг стаў афіцыйным ва Ўкраінскай асацыяцыі футболу. Украіна мае ў абойме дзьвюх зорак Ангельскай прэм’ер-лігі: Андрэя Ярмоленку і Аляксандра Зінчанку. У Расеі амаль усе гульцы выступаюць за хатнія клюбы, але некаторыя з самых вядомых гуляюць за мяжой: гэта Аляксандар Галавін («Манака») і Дзяніс Чэрышаў («Валенсія»).

А вы за каго будзеце заўзець?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG