Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзьненскі вартавы. 8 фактаў пра Віктара Шэймана


Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман

Сёньня Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку свайго кіраўніка спраў Віктара Шэймана, доўгажыхара сучаснай палітычнай сцэны Беларусі

Нагадаем некаторыя факты зь яго біяграфіі.

Салдат імпэрыі

Вайсковец, служыў у ВДВ, ваяваў у Аўганістане, мае два мэдалі «За адвагу», ордэны Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сьцяга

Паплечнік Статкевіча па БЗВ

На пачатку 90-х гадоў быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) — арганізацыі, якая аб’ядноўвала былых вайскоўцаў дэмакратычных і пранезалежніцкіх поглядаў

Галасаваў за бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны

Як дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня галасаваў за прыняцьцё бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі

Лёзьненскі вартавы

Быў чальцом выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе, быў у машыне разам з кандыдатам падчас інцыдэнту пад Лёзнам, які каманда кандыдата трактавала як замах, тагачасная ўлада — як інсцэніроўку замаху.

«Эскадроны сьмерці»

«Краіна кацілася ў бездань, народ на мяжы выжываньня. Банды арудавалі ад Масквы да мяжы з Польшчай, абабіраючы ўсіх. Але мы іх за паўгода ўсіх вычысьцілі, як некалі Жукаў у Адэсе. Сёньня засталіся Шэйман ды яшчэ пару чалавек, якія зь пісталетамі езьдзілі па краіне, зьнішчаючы падонкаў» — заявіў Лукашэнка, выступаючы напярэдадні выбараў 2020 году.

Дзе Захаранка? Дзе Ганчар?

Супраць Шэймана, які з 1995 па 2000 год займаў пасаду дзяржсакратара Рады бясьпекі, выказвалі падазрэньні ў датычнасьці да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.

У траўні 1999 году невядомыя выкралі былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. У верасьні таго ж году выкралі былога старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Увесь час пад санкцыямі

У дачыненьні да Шэймана, а таксама да былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і былога камандзіра СОБРу Дзьмітрыя Паўлічэнкі, з прычыны падазрэньняў у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў, з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША. У пэрыяды нармалізацыі адносінаў Менску з Захадам (2008–2010, 2016–2020) Шэйман заставаўся пад санкцыямі.

Непатапляльны

  • З 1994 па 2000 год Шэйман — дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі (у кастрычніку-сьнежні 1995 году выконваў абавязкі кіраўніка МУС пасьля адстаўкі Захаранкі),
  • у 2000–2004 гадах быў генэральным пракурорам,
  • у 2004–2006 — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта,
  • у 2006–2008 — ізноў дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі.
  • У 2008 годзе быў адпраўлены ў адстаўку пасьля выбуху на Дзень незалежнасьці. Аднак быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта па асобых даручэньнях.
  • У 2013 годзе быў пастаўлены на чале кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Займаў гэтую пасаду да сёньняшняга дня.
  • У 2020 годзе Эўразьвяз увёў адносна кіраўніцтва спраў прэзыдэнта эканамічныя санкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG