Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Вялікай сямёркі» засяродзіць увагу на пандэміі, зьмяненьні клімату і выкліках з боку Расеі і Кітаю


Джо Байдэн і Борыс Джонсан, 10 чэрвеня 2021 г.
Джо Байдэн і Борыс Джонсан, 10 чэрвеня 2021 г.

Лідэры «Вялікай сямёркі» у гэтыя выходныя сустрэнуцца ў Вялікай Брытаніі, і парадак саміту будзе сканцэнтраваны на глябальным аднаўленьні пасьля пандэміі каранавірусу, зьмяненьні клімату і выкліках з боку Расеі і Кітаю.

Трохдзённы саміт, які пачынаецца 11 чэрвеня, пройдзе ў Карбіс-Бэй, папулярным турыстычным курорце Корнўалу.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», Вялікая Брытанія задзейнічала больш за 6 500 паліцыянтаў, каб гарантаваць бясьпеку лідэрам ЗША, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі і Канады. Аўстралія, Індыя, Паўднёвая Карэя і Паўднёвая Афрыка запрошаны ў якасьці гасьцей саміту.

Саміт зьяўляецца часткай першай афіцыйнай замежнай паездкі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў якасьці кіраўніка дзяржавы. Перад вылетам у Вялікую Брытанію журналісты спыталі Байдэна пра яго прыярытэты ў гэтай паездцы.

«Умацаваньне альянсу. Даць зразумець Пуціну і Кітаю, што Эўропа і Злучаныя Штаты па-ранейшаму блізкія, а „Вялікая сямёрка“ будзе дзейнічаць», — сказаў Байдэн.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан сказаў, што зь нецярпеньнем чакае асабістай сустрэчы з саюзьнікамі.

«На саміце „Вялікай сямёркі“ адна з нашых задач — заключыць новую дамову з нагоды пандэміі, — сказаў Джонсан. — Мы паглядзім на тое, што адбываецца тут, у Корнўале, з усімі „зялёнымі“ тэхналёгіямі, а таксама пагаворым пра агульныя каштоўнасьці і пра ўсё, што мы хочам зрабіць разам. Парадак дня вельмі шырокі».

Некалькі лідэраў G7 проста з Корнўалу ў панядзелак адправяцца ў Брусэль на саміт NATO. Затым Байдэн сустрэнецца зь лідэрамі Эўразьвязу ў аўторак.

Паводле аналітыкаў, адзначае «Голас Амэрыкі», шэраг мерапрыемстваў у праграме эўрапейскага турнэ амэрыканскага прэзыдэнта заклікана падкрэсьліць падтрымку саюзьнікаў напярэдадні сустрэчы Джо Байдэна з Уладзімірам Пуціным, якая адбудзецца ў сераду ў Жэнэве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG