Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрн JBS прызнаў, што заплаціў хакерам выкуп памерам $ 11 млн


Адзін зь мясакамбінатаў JBS у ЗША
Адзін зь мясакамбінатаў JBS у ЗША

Найбуйнейшы ў сьвеце мясаперапрацоўчы канцэрн JBS заплаціў хакерам пасьля кібэратакі выкуп памерам 11 мільёнаў даляраў.

Генэральны дырэктар амэрыканскага падразьдзяленьня кампаніі Андрэ Нагейра назваў гэтае рашэньне «балючым, але правільным». Яго неабходна было прыняць, каб прадухіліць любую патэнцыйную рызыку для кліентаў, адзначыў ён. Паводле Нагейры, ніякія дадзеныя прадпрыемства не былі скампрамэтаваныя. Выплата выкупу была зробленая ў біткоінах, як таго патрабавалі хакеры.

У пачатку чэрвеня канцэрн JBS быў вымушаны спыніць вытворчасьць мяса на дзевяці мясакамбінатах, якія пастаўляюць на рынак ЗША каля чвэрці ўсяго аб’ёму ялавічыны, спажыванай амэрыканцамі. Прычынай спыненьня вытворчасьці стала арганізаваная кібэратака, якая закранула кампутарныя сыстэмы JBS у Злучаных Штатах, Канадзе і Аўстраліі. Пазьней высьветлілася, што кампанія стала аб’ектам атакі з ужываньнем так званай праграмы-вымагальніка, з дапамогай якой хакеры блякуюць кампутары і вяртаюць доступ да іх пасьля атрыманьня выкупу.

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР) заявіла, што за кібэратакай стаіць зьвязаная з Расеяй хакерская група REvil, чые праграмы-вымагальнікі таксама вядомыя пад назвай Sodinokibi.

Раней падобная кібэратака прывяла да прыпыненьня буйнога трубаправоду Colonial Pipeline, пасьля чаго ў шэрагу штатаў паўстаў дэфіцыт бэнзіну і вырасьлі цэны на паліва. Colonial Pipeline таксама пагадзілася выплаціць выкуп, і таксама ў біткоінах. 8 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што яму ўдалося вярнуць больш за два мільёны выплачаных хакерам у крыптавалюце грошай пасьля нападу на трубаправод.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна расцэньвае атакі з выкарыстаньнем праграм-вымагальнікаў як пагрозу нацыянальнай бясьпецы і разглядае пытаньне аб кібэрапэрацыях супраць хакераў, якія дзейнічаюць з расейскай тэрыторыі.

Паводле паведамленьняў Белага дому, 16 чэрвеня Байдэн падчас асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным запатрабуе ад яго спыніць расейскіх недзяржаўных кібэрагрэсараў.

Міністэрства юстыцыі ЗША ўжо абвясьціла, што павысіць прыярытэт расьсьледаваньняў аб вымагальніцкіх хакерскіх атаках да ўзроўню злачынстваў, зьвязаных з тэрарызмам.

Расейскія ўлады адмаўляюць якую-небудзь датычнасьць да нападаў і сьцьвярджаюць, што хакерскія групоўкі могуць дзейнічаць з розных краін сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG