Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы сустрэўся з вывезенымі зь Беларусі актывісткамі Саюзу палякаў


Ірэна Бярнацкая, Анджэй Дуда, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава. Варшава, 4 чэрвеня 2021 году.
Ірэна Бярнацкая, Анджэй Дуда, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава. Варшава, 4 чэрвеня 2021 году.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сёньня паразмаўляў з прадстаўніцамі польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі былымі палітвязьнямі Ірэнай Бярнацкай, Ганнай Панішавай і Марыяй Цішкоўскай, якія знаходзяцца ў Польшчы з 25 траўня.

«Мы не дазволім пасварыць беларускую і польскую нацыю; ілжывыя абвінавачваньні ў прапагандзе нацызму подлыя», — заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі польскай супольнасьці ў Беларусі. Яго цытуе PAP.

Анджэй Дуда падкрэсьліў, што да нядаўняга часу яны знаходзіліся ў турме ў Беларусі і былі вызваленыя дзякуючы некалькітыднёвым дыпляматычным намаганьням польскіх уладаў.

«Я хацеў бы падкрэсьліць вельмі рашуча — як польскія ўлады так і я, як прэзыдэнт Рэспублікі Польшча, буду рабіць усё, каб палякі і беларусы не былі падзеленыя», — сказаў Дуда.

Ён падкрэсьліў, што цяперашнія беларускія ўлады перасьледуюць Саюз палякаў Беларусі.

«Спроба такім чынам падзяліць палякаў з беларусамі праз ілжывыя абвінавачваньні ў прапагандзе нацызму, што, відавочна, было драмай як для беларусаў, так і для палякаў падчас Другой сусьветнай вайны, што прывяло да зьнішчэньня сем’яў, гнюснае абвінавачваньне, гэта жудаснае абвінавачаньне», — заявіў прэзыдэнт Польшчы.

«Але я хачу падкрэсьліць, што мы не дазволім такім чынам пасварыць нашы грамадзтвы, беларускую і польскую нацыі», — падкрэсьліў ён.

У беларускіх турмах засталіся двое зьняволеных у справе — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Вядома, што яны адмовіліся ад дэпартацыю ў Польшчу.

«Справа палякаў»

10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзеньне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасьцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазьней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманьнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.

23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Анджэя Пачобута.

Усіх арыштаваных у «польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG