Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 4 чэрвеня: калёнія і «хімія» за адміністраваньне чату «Кіроўцы 97»


Дом правасудзьдзя ў Менску. Архіўнае фота.
Дом правасудзьдзя ў Менску. Архіўнае фота.

«Хімія», калёніі строгага і агульнага рэжымаў, а таксама буйныя штрафы — у Беларусі штодня гучаць крымінальныя прысуды тым, хто выступіў супраць Лукашэнкі і за новыя выбары. Свабода піша пра рашэньні судоў.

Тры гады калёніі палітзьняволенай за перапіску ў Telegram

Судзьдзя Заводскага раёну Менска Алена Капцэвіч прысудзіла 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму Марыі Несьцеравай. Столькі ж прасіла дзяржабвінавачваньне, адзначае «Вясна».

Палітзьняволеную прызналі вінаватай у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу).

Усё — за тэлеграм-каналы і чаты, у якіх яна ўдзельнічала. Перапіскі ляглі ў аснову 47-старонкавага абвінавачваньня.

Марыя Несьцерава падчас суду прызнала сваю віну, але ў апошнім слове растлумачыла, што прывяло яе да «злачынства». Яна была незалежнай назіральніцай падчас прэзыдэнцкіх выбараў, бачыла шмат парушэньняў у працы камісіі, старшыню якой ахоўвалі амапаўцы. Аднак на ўсе свае скаргі яна не дачакалася ніводнага адказ.

У тэрмін зьняволеньня Марыі Несьцеравай залічылі яе ўтрыманьне пад вартай з 24 кастрычніка 2020 году.

Выракі за адміністраваньне чату «Водители 97»

Суд Заводзкага раёну Менска абвясьціў прысуды ў крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-каналу і чату «Водители 97». Слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Палітвязьняў Дзяніса Гуціна, Вікторыю Кульшу і Ганну Вішняк утрымліваюць пад вартай ад восені мінулага году. Тацяна Шкробат знаходзілася да суду пад падпіскай аб нявыезьдзе, нагадвае «Вясна».

Усіх абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і падрыхтоўка альбо навучаньне такой дзейнасьці). Нібыта ўсе яны, «дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаваньняў дарог у сувязі зь незадаволенасьцю ўладай і фальсыфікацыяй выбараў».

Падчас спрэчак пракурор запрасіў пакараць палітвязьняў Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, 2 гадамі і 6 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Шкробат, якая супрацоўнічала са сьледзтвам і прызнала віну, 3 гадамі абмежаваньня волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Менавіта такія прысуды і вынесла судзьдзя Жанна Хвайніцкая. Сёлета ў сакавіку тэлеграм-канал «Водители 97» прызналі «экстрэмісцкім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG