Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчуваецца яго маральная стомленасьць і нават нейкая злосьць». Жонка Алеся Пушкіна пра стан вядомага мастака

Алесь Пушкін у сваёй майстэрні, чэрвень 2020 году
Алесь Пушкін у сваёй майстэрні, чэрвень 2020 году

Палітвязьня Алеся Пушкіна ўтрымліваюць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне.

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Яніна.

«Сьледчы трапіўся расейскамоўны, дык Пушкін нарэшце замоўк. Ён сказаў, што ня будзе гаварыць з расейскамоўным сьледчым. Я задаволеная, што замоўк, бо ён агаворвае сябе. Пушкін жа гаварлівы, а гаварыць шмат ня трэба, бо гэта ж выкарыстоўваюць супраць яго. А ён, відаць, выхоўвае гэтых сьледчых, ну натура ў яго такая, ён асьветнік», — кажа жонка.

Апошні ліст ад Алеся Пушкіна прыйшоў 27 траўня. Паводле Яніны, ліст вельмі сухі, відаць, што Пушкін стомлены і раздражнёны.

«Ён пытаецца, ці прывёз Павал Мажэйка выставу ў Бобр, ці прывезьлі зь Менску ягоныя рэчы, ці прывезьлі ягоныя рэчы рэстаўратары з Жыліч. Таксама ён пытаецца, ці схадзіла я ў падатковую і ці заплаціла 104 рублі падаткаў. Пытае, ці паставілі яго мабільны нумар на паўзу, ці ўзялі апеку над сайтам pushkin.by, ці паставілі майстэрню на сыгналізацыю, ці косім траву, ці паставілі новы маторчык у помпу ў крыніцы. Таксама Алесь просіць захоўваць усе ягоныя лісты з турмы».

«Пішыце мне, ці робіце тое, аб чым я вас папрасіў. Я буду тады спакайнейшы за дом, за вас», — піша Алесь Пушкін.

«Ён таксама просіць не плаціць адвакатцы са сваіх грошай, мы не такія багатыя, каб наймаць адваката. Тым больш што ад адваката нічога не залежыць. Ён піша, каб ня бралі наяўных грошай ад людзей, асьцерагаліся, — кажа Яніна. — Вось што ён напісаў, нават ні „вітаю“, ні „да пабачэньня“. Тут проста сьпіс, што трэба рабіць. Адчуваецца яго маральная стомленасьць і нават нейкая злосьць. Ён жа такі ўпарты, можа, яго па карцарах цягаюць, ня ведаю», — кажа Яніна.

Паводле жонкі, Алесю бяруць перадачы, але падчас апошняй сустрэчы адвакатка заўважыла, што Алесь быў у парваных шкарпэтках.

Яніна кажа, што ў сям’і вельмі шмат спраў, сын здае іспыты, рыхтуецца да паступленьня.

У чым вінавацяць Алеся Пушкіна

30 сакавіка мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі «Народная воля».

XS
SM
MD
LG