Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Латыпава пасьля спробы суіцыду перавезьлі са шпіталя ў СІЗА-1 


Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства 1 чэрвеня 2021, Менск
Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства 1 чэрвеня 2021, Менск

Пасьля апэрацыі сілавікі вывезьлі палітвязьня Сьцяпана Латыпава, які напярэдадні ўчыніў спробу самагубства ў судзе, са шпіталя ў сьледчы ізалятар.

Палітвязень Сьцяпан Латыпаў больш не ў шпіталі на менскай вуліцы Сямашкі, куды яго даставілі 1 чэрвеня пасьля спробы самагубства ў судовай залі. Пра гэта Tut.by распавялі сваякі палітвязьня.

Хутчэй за ўсё, Латыпаў цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Там для яго сёньня прынялі перадачу.

1 чэрвеня 41-гадовы Латыпаў паспрабаваў парэзаць сабе горла ў зале суду. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што мэдыкі апрацавалі рану і ліквідавалі пагрозу жыцьцю. Прадстаўнік лякарні адзначаў у этэры дзяржаўнай тэлевізіі, што Латыпаў пасьля апэрацыі знаходзіўся на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Пасьля дзьверы ў кватэру ўзламалі, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазьней Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
  • часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
  • часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».

Сьцяпан Латыпаў заявіў, што не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.

1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезьлі зь відавочнымі сьлядамі пабояў, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў пра так званую «прэс-хату», у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнаўчых паказаньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG