Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчувае за сабой маральную перавагу». Маці сустрэлася з асуджаным на 5 гадоў Максімам Вінярскім


Максім ВІнярскі, 2018. Архіўнае фота
Максім ВІнярскі, 2018. Архіўнае фота

З актывістам «Эўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім са сваякоў пакуль змагла сустрэцца маці Таісія Кузьмінічна. Пра іх сустрэчу Свабодзе стала вядома ад сястры Максіма Алены.

«Сустрэча была ў суботу, 29 траўня. Мы прыехалі да турмы а 8 раніцы, і ўжо была сфармавана чарга, толькі адно месца заставалася. Маглі абедзьве пайсьці, але тады на кожную з нас давалі па гадзіне сустрэчы, а другая гадзіна губляецца. Вырашылі, што першай сустрэнецца маці, а я ў іншы дзень да яго паеду. Цяпер шукаю час на гэтым тыдні», — расказала Алена, сястра Максіма Вінярскага.

Паводле Алены, яе брат добра падрыхтаваўся да сустрэчы з маці. «Надзеў кашулю, падстрыг валасы, добра трымаўся, быў страшэнна рады сустрэчы. Выглядае нармальна, крыху схуднеў, але бадзёры, актыўны. Не разгубіўся. Пра прысуд супакоіў, што ня верыць у тое, што давядзецца сядзець 5 гадоў, якія яму далі. Верыць у лепшае», — пераказала словы Максімавай маці ягоная сястра Алена.

Максіма Вінярскага асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня па артыкуле аб арганізацыі масавых непарадкаў. Пасьля абвяшчэньня прысуду фігуранты справы ў клетцы скандавалі: «Верым! Можам! Пераможам!». Павал Севярынец потым расказваў сваёй сястры Ганьне, што пасьля гэтага яго трымалі ў «бэтонным стакане». Алене Церашковай вядома, што з Максімам ахоўнікі таксама абышліся жорстка.

«Казаў маці, што закінулі ў нейкі „стакан“ і трымалі там да ночы, ваду на падлогу вылівалі, каб ня мог на падлогу садзіцца, а лаўкі не было. І пасьля ў турме ў сваю камэру ён ужо ня трапіў — зьмясьцілі ў іншую. Там сукамэрнікаў больш, а месца меней, цісканіна. Яшчэ сказаў, што рыхтуецца скарга ў Вярхоўны суд. Усьведамляе, што скарга прысуд ня зьменіць, але мяркуе, што трэба далей змагацца. Адчувае за сабой маральную перавагу, і гэта дапамагае трываць», — расказала сястра Максіма Вінярскага Алена.

Маці Максіма Вінярскага, Таісія Кузьмінічна, днямі будзе спраўляць 75-годзьдзе.

«Маці вельмі перажывае, што сьвяткаваньне юбілею пройдзе без Максіма. Не магла такога ўявіць, але даводзіцца. Але Максім на сустрэчы яе ўжо павіншаваў, усё сказаў як трэба», — перадае Алена Церашкова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG