«Дагэтуль ёсьць праблемы з доступам адваката, але гэта мясцовы юрыст, і тлумачэньні зьвязаныя з лягістыкай таго ізалятара, дзе яна ўтрымліваецца. Там усяго два памяшканьні, дзе праводзяцца падобнага кшталту сустрэчы. Адпаведна, утвараецца чарга», — спасылаецца на дыплямата «Інтэрфакс».
Ён выказаў спадзяваньне, што ўлады Беларусі «зробяць усё неабходнае, бо консульскія канвэнцыі працуюць 24 гадзіны на суткі».
Таксама Яўген Лук’янаў паведаміў, што амбасада Расеі знаходзіцца ў шчыльным кантакце з роднымі Соф’і Сапегі.
«Мы пастаянна ў кантакце з бацькамі. Натуральна, ня ўмешваемся ў кампэтэнцыю беларускіх уладаў, ажыцьцяўляем толькі консульскую падтрымку. Наш консул быў у Соф’і, просьбы, якія яна выказала, задаволеныя, яны бытавога характару. На ўмовы ўтрыманьня і іншыя абставіны скаргаў не паступала. На наступным тыдні консул будзе зноў яе наведваць», — запэўніў амбасадар.
Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з былым рэдактарам парталу Nexta Раманам Пратасевічам. Абодва былі пасажырамі рэйсу Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню і зьдзейсьніў вымушаную пасадку ў Менску з-за ананімнай пагрозы выбуху на борце. Пасьля гэтага сілавікі апублікавалі відэазапіс заявы студэнткі аб тым, што яна рэдагавала тэлеграм-канал пра беларускіх сілавікоў «Чорная кніга Беларусі».
Летась улады Беларусі ўключылі стваральнікаў Nexta Сьцяпана Пуцілу і тагачаснага рэдактара Рамана Пратасевіча ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.