Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць яшчэ 13 фігурантаў у справе аб «масавых беспарадках»


Дом правасудзьдзя. Берасьце.
Дом правасудзьдзя. Берасьце.

28 траўня Ленінскім судзе Берасьця пачаўся суд над трэцяй часткай абвінавачаных у «масавых беспарадках» 10 жніўня.

Усіх фігурантаў абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

На лаве падсудных 13 чалавек:

  • Раман Гвазьдзелка
  • Мікіта Ганчароў
  • Вадзім Жылінскі
  • Дзяніс Жук
  • Арцём Клімчук
  • Дзьмітры Князеў
  • Юрый Кузьміч
  • Дзьмітры Панько
  • Глеб Раманаў
  • Антон Сотнікаў
  • Аляксандар Цялешман
  • Дзьмітры Тур
  • Максім Шатохін.

У чым абвінавачваюць фігурантаў

Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і нібыта ўчынілі пагромы. Яны таксама нібыта рабілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Потым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі 24 сілавікі. Зь іх пацярпелымі ў справе прызналі 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзьве раны ў раёне вялікага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. У астатніх — пабоі.

Акрамя таго, абвінавачаныя нібыта спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджаньні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе пракурор. Па вэрсіі сьледзтва, агульная сума нанесенай шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы.

Каго ўжо пакаралі

Раней у «справе аб масавых беспарадках» у Берасьці вынесьлі прысуд 22 пратэстоўцам, прысудзіўшы ім ад 3 да 5 гадоў калёніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Траім непаўналетнім фігурантам (Аляксандру Вінярскаму і Эдуарду Кудынюку, Дзянісу Хазею) прысудзілі 3 гады выхаваўчай калёніі.

Дзяўчыну непаўналетняга Дзяніса Хазея 18-гадовую Віталію Бандарэнка таксама абвінавацілі ў гэтай справе. 21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко пакараў яе 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках. Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.

Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. Аднак Віталія непакоілася за лёс свайго хлопца і 27 лютага вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суду знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG