Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прыдумалі, як пераадолець засільле беларускіх і расейскіх тэлеканалаў у памежных зь Беларусьсю раёнах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб асобных захадах гарантаваньня інфармацыйнай бясьпекі і такім чынам увёў у дзеяньне адпаведнае рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.

У прыватнасьці, гаворка ідзе аб стварэньні агульнанацыянальнай лічбавай шматканальнай тэлесеткі МХ-7, якая будзе трансьляваць украінскія тэлеканалы.

Так украінская ўлада падтрымала ініцыятыву, якую выказала старшыня Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ганна Каваленка. Паводле яе, гэтая тэлесетка ўжо да канца 2021 году будзе пакрываць 95% тэрыторыі Ўкраіны.

«Наваствораны мультыплэкс МХ-7 будзе трансьляваць ня менш за 12 незакадаваных бясплатных каналаў. Найперш — дзяржаўныя тэлекампаніі і грамадзкае вяшчаньне. У Чарнігаўскай вобласьці перадатчыкі разьмесьцяць у Нежыне, Ноўгарадзе-Северскім, Чарнігаве, Прылуках, Бахмачы і Халмах», — заявіла Ганна Каваленка, камэнтуючы рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

У Чарнігаўскай вобласьці 7 з 22 раёнаў мяжуюць з Гомельскай вобласьцю Беларусі і Бранскай вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых раёнах улады адзначалі «працяглае засільле як расейскіх, так і беларускіх каналаў». Асаблівай крытычнай сытуацыю ацанілі ў шасьці памежных раёнах — Карукаўскім, Рэпкінскім, Гараднянскім, Сямёнаўскім, Ноўгарад-Северскім ды Сноўскім, у якіх жывуць каля 200 тысяч грамадзян.

У студзені 2020 году ўкраінскія тэлеканалы закадавалі сваё вяшчаньне, а годам раней перайшлі ў лічбавы фармат працы.

Паводле інфармацыі Свабоды, цяпер на адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці даступныя радыёстанцыя «Мир» зь беларускім кантэнтам, канал «Культура» Беларускага радыё, а ў найбліжэйшых да Беларусі раёнах мясцовыя жыхары глядзяць Беларускае тэлебачаньне.

Разам з тым шэраг тэлевізійных апэратараў Украіны прапануюць у базавым пакеце тэлеканал «Беларусь 24», які мае афіцыйны дазвол на трансьляцыю на ўкраінскай тэрыторыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG