Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі затрымалі 17 мігрантаў, якія незаконна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу


Фота: Дзяржаўная памежная служба Літвы
Фота: Дзяржаўная памежная служба Літвы

У Салечніцкім раёне супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Літвы затрымалі групу з 17 мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі. Іншаземцы, якія ня мелі ніякіх дакумэнтаў, змаглі толькі прадставіцца грамадзянамі Іраку і Ірану, паведамляе delfi.lt.

У аўторак увечары памежнікі памежнай групы Варэны праверылі тэрыторыю каля вёскі Новыя Кавалі (Naujieji Kalviai) ў Салечніцкім раёне Літвы (Šalčininkų rajonas). Адсюль да мяжы зь Беларусьсю — два кілямэтры. Было атрымана паведамленьне, што ў гэтым раёне заўважылі падазроных асобаў, паведамілі ў памежнай службе.

Неўзабаве ў адной незаселенай сельскай сядзібе, якая цяпер рэканструюецца, памежнікі знайшлі групу з 17 чалавек. Ніхто з затрыманых не прад'явіў дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу. У мігрантаў былі торбы і заплечнікі з асабістымі рэчамі і адзеньнем. Трое мужчын назваліся іракцамі і 14 — грамадзянамі Ірану. Паводле папярэдніх дадзеных, узрост мігрантаў — ад 17 да 37 гадоў.

Больш памежнікам з затрыманымі дамовіцца не ўдалося. Неўзабаве іх апытаюць з удзелам перакладчыка.

Затрыманыя пройдуць тэставаньне на наяўнасьць COVID-19. Пасьля атрыманьня вынікаў будзе вырашацца пытаньне аб іх разьмяшчэньні.

Памежнікі і кіноляг са службовым сабакам, якія агледзелі тэрыторыю, вызначылі месца, дзе іранцы і іракцы незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу зь Беларусі ў Літву. Па гэтым факце было пачалі дасудовае расьсьледаваньне.

Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі агулам 155 нелегальных мігрантаў. Амаль палова зь іх — 69 — грамадзяне Іраку. Таксама ў рукі памежнікаў трапілі 32 беларусы, 17 сірыйцаў, 14 іранцаў і некалькі чалавек з 11 іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG