Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка асуджанага за «здраду» капітана расказала, як яго судзілі за інфармацыю пра ўдзел войска ў разгоне пратэстаў


Дзяніс Урад, капітан Генштабу.
Дзяніс Урад, капітан Генштабу.

14 траўня Вярхоўны суд вынес жорсткі прысуд палітвязьню: экс-капітан Генштабу Дзяніс Урад атрымаў 18 гадоў калёніі за здраду дзяржаве.

Tut.by пагаварыў з жонкай вайскоўца Дзяніса Ўрада, якому далі 18 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве». Дзяніс сфатаграфаваў ліст кіраўніка МУС да міністра абароны з просьбаў прыслаў вайскоцаў для разгону пратэстаў і накіраваў яго аднаму з телеграм-каналаў.

Аб затрыманьні Дзяніса Ўрада стала вядома з фільму АНТ, дзе прагучала, што 14 сакавіка на дзяжурстве на спэцсувязі капітан Генштабу Ўзброеных сіл сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны і «адправіў польскаму телеграм-каналу».

Дзянісу 29 гадоў, ён родам з пасёлка Расоны на Віцебшчыне, у 2014 годзе скончыў Вайсковую акадэмію і паступіў на службу ў Генэральны штаб.

«У 11 клясе ў школу Дзяніса прыяжджалі вайскоўцы, агітавалі паступаць да іх, — распавядае яго жонка Ірына. — Дзяніс загарэўся гэтай ідэяй і паступіў у Вайсковую акадэмію. Вучыўся добра, у 2014 годзе яго разьмеркавалі ў Генштаб, дзе ён і служыў да затрыманьня».

У сям’і абмяркоўвалі палітычную сытуацыю, як успамінае Ірына, «усё спадзяваліся на перамены».

«Магчыма, зараз мы за гэта і пацярпелі, — кажа яна. — Дзяніс, вядома, ведаў, што адбываецца ў краіне, па працы бачыў сакрэтныя дакумэнты. Думаю, ён проста не вытрымаў, магчыма зрабіў гэта на эмоцыях. Дзяніс лічыў, што войска не павінна ваяваць са сваім народам, наадварот, армія павінна свой народ абараняць, а не ісьці супраць яго».

Дзяніс Урад, архіўнае фота.
Дзяніс Урад, архіўнае фота.

Ірына адзначае, што муж не расказваў сямʼі аб тым, што адправіў у тэлеграм-канал фота дакумэнту:

«Гэта было яго рашэньнем. Думаю, ён не хацеў, каб пацярпеў хто-небудзь яшчэ. Затрымалі яго 15 сакавіка, у панядзелак. У яго быў выходны пасьля дзяжурства, патэлефанавалі з працы і сказалі тэрмінова зьявіцца. Ён ужо разумеў, я думаю, па якім пытаньні такая мітусьня. Дадому ён ужо не вярнуўся. А ноччу да нас прыйшлі з ператрусам. Апэратыўнікі паводзілі сябе карэктна, стараліся нават не абудзіць дзіця»

Сужэнцы выхоўваюць сына, якому амаль 4 гады.

Справай Дзяніса Ўрада займаліся ў КДБ, пад вартай яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьням.

«Муж не скардзіўся на ціск, пакуль ішло сьледзтва, — кажа Ірына. — Але вось калі расьсьледаваньне скончылася, яго перавялі пятым у камэру, дзе для яго няма спальнага месца, далі дошку, якую ўкладваюць на падлогу, на ёй ён і сьпіць ноччу».

Па словах жонкі, Дзяніс кожны дзень піша ёй лісты, але даходзяць яны не так часта.

«Першы час было вельмі складана іх чытаць, — успамінае жонка. — Настолькі цяжкія ў яго былі словы пра тое, што ён не ўяўляе, як будзе жыць далей, як перажыве расстаньне з сынам, бо яны былі вельмі блізкія. І думка, што ён не ўбачыць, як расьце дзіця, для яго самая цяжкая».

Ірына бачыла Дзяніса пасьля затрыманьня толькі аднойчы, усяго некалькі хвілін на абвяшчэньні прысуду ў Вярхоўным судзе. Справа слухалася ў закрытым рэжыме, прысуд адразу ж уступіў у сілу і не падлягае абскарджаную ў апэляцыйным парадку.

«Вядома, нам не далі пагаварыць, мы маглі толькі глядзець адзін на аднаго, — кажа яна. — У апошніх лістах муж прадбачыў, што ў яго будзе вельмі вялікі тэрмін, таму што ўжо ведаў, як яго справу „раздулі“ па тэлевізары. Цяпер у яго настрой, што нічога не зьменіцца, у камэры ў іх навіны толькі па дзяржаўным ТБ. Тым больш што ў яго такі артыкул, што ён не можа абскардзіць прысуд, ўмоўна-датэрміновае вызваленьне яму таксама ня сьвеціць».

Ірына кажа, што ў гэты цяжкі час сямʼю падтрымалі сябры, родныя і зусім незнаёмыя людзі:

«Я радая, што наш беларускі народ такі спагадлівы. Падтрымка людзей — самае дарагое, што ў нас цяпер ёсьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG